Дырэктар Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў генерал-лейтэнант Леанід Рашэтнікаў запісаў новы зварот да беларусаў.

Ён настойвае, што беларуская мова была створана 90 гадоў таму.

«Беларусь і Расія — адзіная тэрыторыя, бо ў нас «саюзная дзяржава», а не «саюзныя дзяржавы», — заявіў ён. — Мы адзіны народ, і раздзяляць нас — гэта злачынства. Адумайцеся, таварышы і спадарове, не перагінайце кія. Як ўжо перагнулі ва Украіне, — пагражае Рашэтнікаў. — Вы не хочаце ганарыцца Дастаеўскім, Пушкіным, вы не хочаце ганарыцца Талстым, Мендзелеевым, героямі 1812 года, Першай сусветнай, георгіеўскімі кавалерамі? — пафасна пытаецца Рашэтнікаў. — Вы не хочаце ганарыцца дасягненнямі нашай прамысловасці? Чым вы хочаце ганарыцца? Польскай шляхтай і літвінскімі князямі?

Як гэта можа вас каробіць, калі я кажу, што Беларусь і Украіна гэта частка Вялікай Расіі, тысячагадовай Расіі? — працягвае Рашэтнікаў. — Як жа можна адракацца гэтага — супольнай гісторыі, супольных бед, супольных герояў? Вы далёка зайшлі ў сваім тумане,

— кажа Рашэтнікаў. — Кожны нармальны чалавек у Расіі думае так, як я. А тэндэнцыя ў вас — на раздзяленне, на адыход. Тое самае закладвалася ва Украіне, і вылілася ў нянавісць да расейцаў», — мяркуе Рашэтнікаў. 

Рашэтнікаў асудзіў тую крытыку, што прагучала ў Беларусі на ягоны папярэдні выступ.

Нагадаем, што шок у беларусаў выклікалі вось гэтыя заявы Леаніда Рашэтнікава пра немагчымасць існавання незалежнай Беларусі:

«У першай зале [выставы, пра якую ідзе гаворка] была выстаўлена і цяпер там знаходзіцца газета «Праўда» за 1926 год. На першай старонцы пастанова аргбюро ЦК ВКП(б), і называлася гэтая пастанова «Пра стварэнне беларускай мовы» [мусіць, маецца на ўвазе пастанова ЦК КПБ 1926 года аб правядзенні ў Менску навуковай канферэнцыі аб рэформе беларускага правапісу — НН]. Разумееце? 1926 года. Гэтай мове, выходзіць, 90 гадоў. Вось гэтая бомба, якая была закладзена тады, яна цяпер выбухнула, і працягваюць выбухаць маленькія бомбачкі, — сказаў Рашэтнікаў. — Гэта вельмі непакоіць усіх нас, я мяркую, і наша кіраўніцтва таксама. Патрэбная дыскусія, прынамсі, гаварыць пра гэта [трэба] адкрыта. Увага многіх цяпер адцягнутая Сірыяй ці Украінай, прыходам да ўлады Трампа, забываюць пра Беларусь. Нельга забываць — гэта гістарычная частка вялікай Расеі, вялізнай Расеі, гэта частка нашага народа. Так жа і з Беларуссю, пра што яны думаюць — кіраўнікі [Беларусі], — працягваў Рашэтнікаў. — Незразумела, ці то пра ўласнае становішча, ці то яшчэ пра нешта. Пра што яны думаюць? Аддаліцца ад Масквы і аддацца камусьці іншаму — вось што атрымліваецца, — сказаў Рашэтнікаў і падсумаваў. — Якая «Беларусь незалежная ад Масквы?»

Расійскі інстытут стратэгічных даследаванняў (РІСД, а па-расейску — РИСИ) заснаваны прэзідэнтам Расіі. Ён забяспечвае інфармацыяй Адміністрацыю прэзідэнта, Раду бяспекі і іншыя структуры ўлады Расіі.

Рашэтнікаў — генерал-лейтэнант, прыйшоў у РІСД са Службы замежнай выведкі.

У адказа на заявы Рашэтнікава 22 снежня у Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы дарадца-пасланнік Пасольства Расіі ў Беларусі Вадзім Гусеў.

Расійскаму дыпламату быў заяўлены пратэст у сувязі з выказваннямі дырэктара Федэральнай дзяржаўнай навуковай бюджэтнай установы «Расійскі інстытут стратэгічных даследаванняў» Рашэтнікава Л.П. на адрас Рэспублікі Беларусь.

«Беларускім бокам была дадзена прынцыповая ацэнка ў дачыненні да неабгрунтаванасці па сутнасці і катэгарычнай непрымальнасці па форме падобных заяваў. Падкрэслена, што яны абсалютна не адпавядаюць стратэгічнаму характару беларуска-расійскіх адносін, а таксама зафіксаваным у двух-і шматбаковых дакументах прынцыпам, на якіх грунтуецца супрацоўніцтва нашых брацкіх дзяржаў, — павагі суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці», — гаворыцца ў інфармацыі, распаўсюджанай прэс-службай МЗС.

Чытайце таксама: «Советская Белоруссія» дала адлуп кіраўніку Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў Рашэтнікаву

Прафесар Цыхун: Беларуская мова ўтварылася недзе пасля VII ст. нашай эры

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?