Улада1010

Лідары краін ЕАЭС падпісалі новую рэдакцыю Мытнага кодэкса, Лукашэнка не прыехаў

Лідары чатырох краін ЕАЭС 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу падпісалі новую рэдакцыю Мытнага кодэкса, паведамляе БелаПАН.

У цырымоніі ўзялі ўдзел прэзідэнты Расіі Уладзімір Пуцін, Кыргызстана — Алмазбек Атамбаеў, Казахстана — Нурсултан Назарбаеў і Арменіі — Серж Саргсян. Аляксандр Лукашэнка з невядомых пакуль прычын на саміт не прыехаў.

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў паведаміў журналістам, што беларускі бок праінфармаваў пра няўдзел Лукашэнкі ў мерапрыемствах. «Я думаю, што нам некарэктна было б казаць пра прычыны, усё ж такі гэта павінна рабіць прэс-служба прэзідэнта Беларусі», — дадаў ён.

Пяскоў заявіў, што адсутнасць Лукашэнкі не перашкодзіць абмяркоўваць пытанні інтэграцыі. «Таму што, яшчэ раз паўтараю, усе дакументы, якія сёння будуць падпісвацца, яны раней былі цалкам узгодненыя падчас калегіі з нашымі беларускімі партнёрамі. І падпісаныя дакументы далей проста будуць накіраваныя ў Мінск з тым, каб Аляксандр Рыгоравіч змог іх там падпісаць», — сказаў прэс-сакратар Пуціна.

Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюза прыйдзе на змену Мытнаму кодэксу Мытнага саюза, прынятаму ў 2009 годзе. Дакумент павінен закласці неабходныя асновы для пераходу да адзінага мытнага рэгулявання ў межах ЕАЭС.

У кодэкс, праца над якім вялася на працягу трох гадоў, закладзеныя новыя падыходы да інфарматызацыі мытных аперацый, уводзіцца больш зручны для бізнесу алгарытм узаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі, які мінімізуе папяровы дакументаабарот і фізічны кантакт удзельнікаў замежнаэканамічнай дзейнасці са службовымі асобамі. Акрамя таго, максімальна ўніфікуюцца мытныя аперацыі для ўсіх краін саюза.

З уваходжаннем новага дакумента ў сілу ЕЭК будзе вызначаць верхнія вартасныя і вагавыя межы бяспошліннага гандлю, адзіныя для ўсіх краін.

Бакі ж паводле свайго меркавання могуць усталёўваць больш нізкія нормы бяспошліннага ўвозу на нацыянальным узроўні ў дачыненні да тавараў, што перамяшчаюцца з дапамогай міжнародных паштовых адпраўленняў, а таксама экспрэс-перавозчыкамі.

Члены саюза дамовіліся, што праз год пасля ўваходжання ў сілу новага Мытнага кодэкса, у 2018 годзе, пачнецца паступовае зніжэнне парогу бязмытнага ўвозу тавараў з замежных інтэрнэт-крам у краіны ЕАЭС. Першае зніжэнне — да 500 еўра ў 2018 годзе. Звыш нормы — прадугледжаны плацеж у памеры 30%, але не менш як 4 еўра за 1 кг. Пасля заканчэння двух гадоў з моманту ўваходжання ў сілу кодэкса прадугледжанае зніжэнне нормы да 200 еўра, звыш гэтага — выплата 15%, але не менш як 2 еўра за 1 кг.

Мяркуецца, што Мытны кодэкс ЕАЭС набудзе моц 1 ліпеня 2017 года.

9 снежня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, на якой запатрабаваў забяспечыць выкананне нацыянальных інтарэсаў краіны пры прыняцці Мытнага кодэкса ЕАЭС. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў даць праекту Мытнага кодэкса «аб'ектыўную ацэнку, узважыць усе за і супраць, пралічыць наступствы і магчымыя рызыкі». «Нягледзячы на станоўчыя водгукі дзяржаўных органаў, навуковых арганізацый, у мяне ўзнікае шэраг пытанняў з пункта гледжання захавання ў дакуменце нацыянальных інтарэсаў», — заявіў ён.

«Мы нічога не павінны страціць, у нас губляць няма чаго. Калі асноўныя гульцы нашага эканамічнага саюза — Расія і Казахстан — могуць недзе на нешта заплюшчыць вочы і рукой махнуць (у іх грошай нямерана, ведаеце ад чаго), то ў нас такіх шалёных грошай няма. Мы зарабляем сваімі мазгамі і рукамі гэтыя грошы», — падкрэсліў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама адзначыў, што эканоміка Беларусі амаль два гады функцыянуе ў межах ЕАЭС. «Вынікі вядомыя. Я ўжо не адзін раз пра гэта казаў. Падзенне тавараабароту ў саюзе — прыкладна 40% летась, сёлета — прыблізна 15%. Вось вынік», — сказаў Лукашэнка

Варта адзначыць, што Мытны кодэкс Мытнага саюза, які ўвайшоў у сілу 1 ліпеня 2010 года, беларускі кіраўнік падпісаў з пяцідзённым спазненнем. У абумоўлены тэрмін дакумент набыў моц толькі на тэрыторыі Расіі і Казахстана.

Каментары10

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Эйсманты на «Майбаху», Баскаў на «Бэнтлі». Хакейны сезон у Мінску закрылі з шыкам-бляскам43

Эйсманты на «Майбаху», Баскаў на «Бэнтлі». Хакейны сезон у Мінску закрылі з шыкам-бляскам

Усе навіны →
Усе навіны

У Бразіліі ва ўзросце 116 гадоў памерла найстарэйшая жанчына ў свеце4

Украіна і ЗША падпісалі пагадненне па прыродных рэсурсах13

На БМЗ работнікаў некаторых цэхаў сталі адпраўляць у адпачынкі за свой кошт1

Такер Карлсан абвінаваціў Зяленскага ў датычнасці да замаху на Трампа14

Калабаранта з Новай Кахоўкі, які мацюкаўся на камеру, затрымалі за «рэабілітацыю нацызму»3

«Вызваленне аднаго — гэта крок наперад». Ціханоўская пракаментавала вызваленне Зянковіча6

На мінскім «Крышталі» будуць выпускаць гарэлку «Сукалень»19

Юрась Зянковіч выехаў у Літву6

У гродзенскай сінагозе знеслі частку сцен — хочуць вярнуць гістарычны выгляд

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Эйсманты на «Майбаху», Баскаў на «Бэнтлі». Хакейны сезон у Мінску закрылі з шыкам-бляскам43

Эйсманты на «Майбаху», Баскаў на «Бэнтлі». Хакейны сезон у Мінску закрылі з шыкам-бляскам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць