Нядаўна беларуская газета для моладзі «Переходный возраст» праводзіла конкурс для юных карэспандэнтаў. 

Тэма — «Юныя журналісты за мір і сяброўства». 

На конкурс даслалі каля 1500 лістоў. Увогуле, тыраж газеты мізэрны — усяго каля 2800 асобнікаў. Але конкурс праводзіўся пры спрыянні Міністэрства адукацыі і БРСМ, таму ўдзельнікаў мабілізавалі школы.

У тэкстах, як піша газета, школьнікі «дзяліліся перажываннямі з нагоды сённяшняй міжнароднай абстаноўкі; прыводзілі прыклады добрасуседства, палітычнай і народнай дыпламатыі; спасылаліся на ўспаміны ветэранаў, удзельнікаў узброеных канфліктаў; расказвалі пра сяброўства дзяцей розных кантынэнтаў». 

На цырымонію ўзнагароджвання, што адбылася ў Мінску 16 снежня, запрасілі прадстаўнікоў некалькіх пасольстваў: Расіі, Украіны, Польшчы і Казахстана. 

І ўжо там стала вядома, хто пераможцы.

Першае месца журы прысудзіла школьніку з Мастоў за тэкст, у якім той пераказваў гісторыю пра хлопчыка з Данбаса, пачутую ў расійскіх СМІ.

Другая лаўрэатка, дзяўчынка, пайшла яшчэ далей і напісала ліст прэзідэнту Украіны: «Хопіць бамбіць Данбас». 

Прадстаўніца ўкраінскага пасольства не вытрымала і далікатна звярнула ўвагу арганізатараў, што вуснамі дзяцей транслююцца сцверджанні, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. 

«Я дадала, што сёння неабходна звяртаць увагу на прафесійную этыку журналістаў, іх аб'ектыўнасць», — сказала «Нашай Ніве» першы сакратар пасольства Украіны Марыя Гуцала. 

Іншы прысутны на цырымоніі пажартаваў: «Можа, усё ж ліст трэба адрасаваць не прэзідэнту Украіны, а прэзідэнту Расіі?»

У самой газеце нам сказалі, што не імкнуліся кагосьці пакрыўдзіць. 

«Тэма была пра дзяцей, якія хочуць жыць у міры. Палітычных пытанняў мы не хацелі чапаць — толькі творчасць. У журы былі вядомыя людзі», — сказала «Нашай Ніве» Ірына Лондар, юрысконсульт рэдакцыі «Пераходны ўзрост». 

Тое, што ў лік пераможцаў трапілі сачыненні, якія аднабакова пераказвалі падзеі, звязаныя са спробай перадзелу межаў Украіны, залежала ад волі журы. А ў журы ўваходзілі. як нам стала вядома, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, БРСМ, Беларускага саюза журналістаў (афіцыйнага) і Інстытута журналістыкі БДУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?