Вячаслаў Давыдовіч ужо быў асуджаны на 4 гады за эканамічныя злачынствы — ён адбывае свой тэрмін у калоніі. Але сёлета ў дачыненні да яго распачалі яшчэ і справу аб разбэшчванні і гвалтаванні непаўнагадовых (агулам — 5 крымінальных спраў). Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Вячаслаў Давыдовіч

Вячаслаў Давыдовіч

Перад агучваннем прысуду 28 снежня 50-гадовы Давыдовіч трымаўся бадзёра, нават пасміхаўся. Суддзя Вікторыя Зайцава вырашыла, што Вячаслаў Давыдовіч вінаваты ў дзеяннях сэксуальнага характару з асобамі, якія не дасягнулі 16 гадоў. Пакінулі і рашэнне аб тым, што Давыдовіч вінаваты ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. 

У выніку Давыдовіч асуджаны на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. З улікам раней адбытага пакарання яму застаецца знаходзіцца пад вартай 1 год 8 месяцаў.

Сваю віну ён не прызнаў.

Акрамя таго, спачатку было распачата 5 крымінальных спраў, пасля шэраг абвінавачванняў быў зняты. Давыдовіча асудзілі толькі па адным «новым» артыкуле — за сувязь з непаўнагадовымі. 

«У прынцыпе, сваёй мэты мы дасягнулі, знялі некалькі артыкулаў. Цяпер вырашаем, ці будзем абскарджваць прысуд», — сказала адвакатка Давыдовіча Кацярына Шакун.

У 2013 годзе Давыдовіч быў затрыманы. У 2014 — асуджаны на 4 гады за прадпрымальніцкую дзейнасць без рэгістрацыі.

Аднак ужо падчас яго затрымання было вядома, што Вячаслаў Давыдовіч звязаны з двума фігурантамі гучнай «справы педафілаў»: мужчыны абвінавачваліся ў разбэшчванні і гвалтаванні падлеткаў. Гаворка ішла пра некалькі тысяч дзяцей. Адзін з іх пасля атрымаў 17-гадовы тэрмін, другі пазней быў прызнаны неадэкватным і накіраваны на прымусовае лячэнне.

Абодва яны — выхадцы з дзіцячага дому, як і Давыдовіч. Мужчыны прадстаўляліся трэнерамі па веласпорце і футболе. Прывозілі дзяцей у катэдж да Давыдовіча — вялікі дом плошчай амаль 2 тысячы квадратных метраў у Зацані. Там падлеткі маглі «падпрацаваць на будоўлі». Ну і не толькі…

Таксама імя Вячаслава Давыдовіча фігуравала яшчэ ў адной гісторыі.

У 2009 годзе жанчына выкінула з акна двух малых дзяцей-блізнятак. Яна казала, што «памуцілася розумам» на той момант. Давыдовіча яе сваякі называлі «духоўным экстрасэнсам» мужа жанчыны, ускосна абвінавачвалі ў здарэнні.

Сам Давыдовіч вучыўся ў Акадэміі МУС, працаваў міліцыянтам, кадравым супрацоўнікам у Адміністрацыі прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?