Беларусь і Расія працягваюць перамовы па пераглядзе тарыфаў на транзіт нафты. Пра гэта паведаміў старшыня канцэрна «Белнафтахім» Ігар Ляшэнка.

Паводле яго слоў, гэта пытанне разглядалася 27 снежня ў час рабочай сустрэчы беларускай дэлегацыі з прадстаўнікамі Федэральнай антыманапольнай службы Расіі. «Учора ў нас прайшлі рабочыя сустрэчы па пераглядзе тарыфаў на прапампоўку нафты, - распавёў Ігар Ляшэнка. - Беларускі бок вылучыў довады аб тым, што нашы тарыфы на прапампоўку — адны з самых нізкіх з усіх удзельнікаў гэтага транзіту. Мы выставілі свае абгрунтаванні і хочам павялічыць тарыф на 20,5%. Расійскі бок пакуль заняў пазіцыю аб тым, што гэта павышэнне павінна быць у раёне 5,5%».

Праца па гэтым пытанні працягваецца, падкрэсліў Ігар Ляшэнка. «Чакаем прапаноў ад расійскага боку. Нашы прапановы ім перададзеныя», - дадаў ён.

На думку Ігара Ляшэнкі, тарыфы будуць узгоднены ў хуткім часе. «Рашэнне думаю, ужо хутка будзе», — сказаў старшыня канцэрна «Белнафтахім».

Нагадаем, 28 снежня прадстаўнік Федэральнай антыманапольнай службы Расіі заявіў, што тарыф на транспарціроўку нафты з Расіі для беларускай «Гомельтранснафта Дружба» будзе павышаны на 7,7% у 2017 годзе замест раней запытаных 20,5% і прапанаваных «Транснефцью» 5,8%. Некалькі дзён таму «Полацктранснафта Дружба» пагадзілася з прапановай «Транснефці павялічыць тарыф на транспарціроўку нафты з Расіі на 11,76% у 2017 годзе.

Беларусь прапаноўвала павысіць тарыфы на транзіт расійскай нафты па сваёй тэрыторыі на 20,5% на фоне палаючага нафтагазавага канфлікту паміж краінамі. «Транснефць» палічыла эканамічна абгрунтаваным рост тарыфаў па двух ветках найбуйнейшага магістральнага нафтаправода «Дружба», які праходзіць па тэрыторыі Беларусі, праз Гомель - на 5,8%, праз Полацк - на 11,76%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?