У атачэнні макулатурных стосаў, з відам на «горы» палігона «Паўночны», галоўнага мінскага сметніка, сталічны бамонд завяршыў Год культуры. Сімвалічную вечарынку ў жывапісным месцы зладзіла арт-група пад кіраўніцтвам мастака і арт-дзеяча Руслана Вашкевіча.

На святкаванне канца Года культуры прыехаў цэлы аўтобус: мастакі, музыканты, журналісты, куратары, крытыкі…У адмысловым закуточку пункта перапрацоўкі сыравіны іх чакаў накрыты навагодні стол. За музычнае суправаджэнне адказваў гурт «Ружовае гета».

«Склалася адчуванне, што ў гэтым годзе (малпы) людзі культурнай сферы асабліва часта атрымоўвалі папяровыя аплявухі ад чыноўнікаў і бюракратаў. І калі выпраўляць у апошні шлях гэты год макулатуры — то толькі ў пункце здачы і перапрацоўкі другаразовай сыравіны ля падножжа самай буйной сметніцы краіны», — так гучаў галоўны пасыл акцыі, аформлены ў запрашэнні.

«Мяркую, што гэта месца найлепшым чынам адлюстроўвае канфлікт, які адбываецца паміж нашымі чаканнямі, жаданнямі і рэальнай сітуацыяй, што складваецца», — пракаментаваў сутнасць мастацкага жэсту Руслан Вашкевіч. Разам з тым мастак падкрэсліў і аптымістычны пасыл, таксама закладзены ў кантэкст, — калі смецце становіцца сыравінай для чагосьці новага.

Год культуры ў першую чаргу запомніўся хваляй аптымізацыі (скарачэнняў) работнікаў культуры, увядзеннем зняважлівай працэдуры выдачы сертыфікатаў, які пацверджае статус творчага работніка. Таксама ў 2016 годзе быў падпісаны Кодэкс аб культуры, які робіць больш жорсткім кантроль за культурнай сферай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?