Вядомасьць яму прынесла шчымлівая дзіцячая аповесьць «Начавала хмарка залатая».

У пятніцу раніцай у бальніцы на 77‑м годзе жыцьця памёр вядомы пісьменьнік, дарадца прэзыдэнта Расеі па пытаньнях памілаваньня Анатоль Прыстаўкін.

Прыстаўкін атрымаў шырокую вядомасьць пасьля публікацыі аповесьці «Начавала хмарка залатая» (1987), у якой расказвалася пра выхаванцаў дзіцячага дому, эвакуаваных на Каўказ, а таксама закраналася тэма рэпрэсій у дачыненьні да чачэнскага народу.

Анатоль Прыстаўкін нарадзіўся 17 кастрычніка 1931 г. у падмаскоўных Люберцах у рабочай сям’і. Падчас вайны стаў сіратой, пабываў у дзясятку дзіцячых дамоў, у тым ліку і на Паўночным Каўказе, а ў 14 год уладкаваўся працаваць на кансэрвавы заводу Сернаводзку.

Пасьля службы ў войску скончыў Літаратурны інстытут імя Горкага, дзе пазьней выкладаў.

Анатоль Прыстаўкін — аўтар больш чым 25 кніг, многія зь якіх перакладзеныя на эўрапейскія мовы. За аповесьць «Зязюльчаняты» атрымаў ў 1992 г. нямецкую Нацыянальную прэмію па дзіцячай літаратуры.

З 1992 г. па 2001 г. Анатоль Прыстаўкін узначальваў Камісію па пытаньнях памілаваньня пры прэзыдэнце Расеі — да таго моманту, пакуль яна была скасавана.

За дзевяць гадоў працы Камісія дамагла выйсьці на свабоду прыкладна 55 тысячам вязьняў, штогод задавольваючы ад 5 тыс. да 6 тыс. просьбаў.

З 2001 г. Прыстаўкін быў дарадцам прэзыдэнта Расеі па пытаньнях памілаваньня.

Паводле Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0