Ніводзін беларускі тэлеканал трэці год запар не будзе трансляваць навагодні зварот прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Як вынікае з праграмы тэлеперадач, і «РТР-Беларусь», і «НТВ-Беларусь» зрабілі выбар на карысць звароту Аляксандра Лукашэнкі.
Папярэдні раз зварот кіраўніка Расіі трансляваўся ў 2014 годзе.
Абсурдная сітуацыя, калі беларусаў спачатку віншаваў прэзідэнт чужой краіны, захоўвалася два дзесяцігоддзі. Многія сем’і сустракалі Новы год «па Маскве» ў 23.00, а пасля «па Мінску» апоўначы. Праз перавод стрэлак маскоўскі і мінскі час цяпер супадаюць, таму беларускія тэлеканалы мусілі вырашыць, чый выступ паказваць.