Гонар, LSTR, Сымбаль.бай — мяркуеце, што чулі пра ўсе брэнды, якія працуюць у нацыянальным стылі? Аўтар «Нашай Нівы» таксама так думаў, пакуль не ўбачыў у інстаграме тузін фота з хэштэгам #белорусомбытьмодно — такім подпісам суправаджаліся фота дзяўчат у сэксуальных строях з беларускім арнаментам.

Раней гэтых рэчаў ніхто не бачыў. Іх стваральніца — малавядомая пакуль мадэльерка Ганна Эгліт, якую вам адкрые «Наша Ніва».

Гаворка тут не толькі пра бездакорнага выгляду жаночыя строі. Гераіня гэтага тэксту таксама — цудоўная ілюстрацыя эвалюцыі свядомасці беларусаў. 

23-гадовая мінчанка жыве насупраць Драздоў, тусуецца ў клубах, не гаворыць па-беларуску і не ведае, хто такі Гуркоў ці Астрожскі.

Але пры гэтым яна любіць сваю краіну, хоча апранаць беларусаў і слоган яе ўласнага брэнду — «Беларусам быць модна».

Журналісты «Нашай Нівы» пабывалі ў гасцях у дзяўчыны.

Яна проста тут і працуе — дома, за сталом з умантаванымі швейнымі машынкамі.

«Дызайнерская ідэя — новае ў спалучэнні са старым. Гэтыя строі можна насіць паўсюль. Хочаце звярнуць на сябе ўвагу хлопцаў? Надзеньце яго ў клуб. Вышыванак там не баяцца. Лёгка можна адзець і ў горад, праўда, халодным надвор'ем будзе не вельмі камфортна. Але тканіна дыхае, а лён выглядае вельмі дорага. Трохі мнецца, натуральна, але калі глыбокае дэкальтэ, то ніхто не заўважыць, што ўнізе штосьці памятае», — такімі жартамі сустракае гасцей маладая дызайнерка.

Каб зрабіць адзін строй, Ганне трэба каля 4 гадзін. Калі ж вышыўка наносіцца на саму тканіну, то на суткі болей — гэта робіць майстар з Койданава.

Сваю другую — і першую — калекцыю ў нацыянальным стылі Ганна зрабіла ў красавіку, развязаць творчы палёт дапамагла выпадковасць — арганізатары фестываля памяці Купалы ў Вязынцы сёлета не сталі браць рэквізіт у тэатраў, а звярнуліся да мадэльераў з просьбаю пашыць для ўдзельнікаў штосьці цікавюткае.

Ганна дала рады за тыдзень. У Вязынцы яе калекцыя «зайшла» — некалькі строяў купілі адразу ж, але потым справа стала, бо праз неспрактыкаванасць у рэкламе, пра брэнд «Ганна-Марыя Эгліт» можна даведацца толькі ў інстаграме, дый тое — выпадкова. 

Але адмаўляцца ад стварэння сукенак з арнаментамі Ганна не плануе: кажа, што нечакана намацала ў гэтым «сваё».

«Як раней рабіліся вышыванкі? Шырокія кашулі, стандартныя ўзоры. Але нечакана сам фармат стаў папулярным, а прастора для працы тут — вялізарная. Чалавечаму воку проста прыемныя такія ўзоры, якія яшчэ і адсылаюць да каранёў, — разважае Ганна. — Але я не выключаю ляпаў у плане значэння вышыўкі на сукенках — напрыклад, арнамент «Баба» я перакуліла — проста мне так падалося прыгажэй. Я ведаю, што «Баба» значыць абярэг для жанчын — для паспяховай цяжарнасці, добрых родаў. Але я думаю, што не варта надаваць вялікую важнасць сімвалізму, я найперш гляджу на арнаменты як дызайнер: адзін прыгажэйшы, другі не выкарыстаеш. Хай значэннямі займаюцца гісторыкі, не варта стрыміліваць развіццё дызайнаў, тут галоўнае — эксперыменты, сумяшчэнне несумяшчальнага. Я вось год таму ўвогуле не думала, што буду працаваць у гэтым кірунку».

Мадэлі — сама Ганна Эгліт і яе сяброўка Лера

Мадэлі — сама Ганна Эгліт і яе сяброўка Лера

Ганна кажа, што ёй падабаецца апранаць беларусаў.

«У нас у сям'і амаль усе беларусы, мая маці — доктарка, бацька — бізнэсмен. Але прозвішча ў мяне латвійскае, дасталося ад бабулі. Я не размаўляю па-беларуску, бо ў гімназіі, дзе я вучылася, быў ухіл на іншыя прадметы — гадзін мовы было меней, чым любога іншага прадмета. Гісторык таксама выкладаў не вельмі цікава, гісторыю я не любіла. Але цяпер недзе шкада, вядома, што не прайшла ў свой час усяго — школьныя годы не вернеш, я думаю, што калі ў мяне будуць дзеці, я разам з імі ўсё навярстаю. Але выязджаючы за мяжу, я пры выпадку заўсёды кажу, што вельмі люблю Беларусь, нікуды не хачу адсюль з'язджаць. Мне падабаецца тут жыць і рабіць рэчы для беларусаў — яны вельмі добрыя, прыгожыя і адкрытыя».

Таксама мадэльерка не згодная з пазіцыямі тых, хто называе моду на вышыванкі сялянскай і правінцыйнай.

«Джынсы — гэта таксама адзенне фермераў, — кажа Ганна. — Але гэта даўно не актуальна, ёсць джынсы за тысячы даляраў, іх носяць людзі розных статусаў. Гэтак жа і з арнаментам — калі чалавек выйдзе ў якаснай, прыгожай вопратцы, ці будзе гэта казаць, што ён толькі што з поля? Канечне, не. Лён выглядае вельмі дорага».

Дарэчы, творчы шлях дзяўчыны пачаўся з самага маленства, а пасля заканчэння каледжа яна аказалася непатрэбна беларускім фабрыкам толькі праз тыповую прычыну, якая абсякае таленты, — не было дыплома аб вышэйшай адукацыі.

«Шыю з чатырох гадоў, калі бабуля прывезла з Амерыкі машынку, — расказала Ганна пра вытокі свайго захаплення, — тады разам з маці шылі касцюмы для барбі, а далей панеслася… Пасля 11 класа прыйшоў час паступаць. Маці паехала адпачываць, пакінуўшы мне спіс установаў, куды я магу паступіць — яна думала, што я ўжо дарослая дзяўчынка і магу выбраць сама. Ну я і пайшла ў каледж на мадэльера-канструктара, пасля заканчэння год працавала на сябе, але трэба было неяк уладкоўвацца — я абышла фабрыкі, але паўсюль, у той жа «Мілавіцы», мне казалі, што для працаўладкавання я мушу мець дыплом аб вышэйшай адукацыі, і менавіта Віцебскага ўніверсітэта. Так і было — папрасілі намаляваць калекцыю, а я намалявала і пашыла нават, а мне сказалі літаральна «малайцом, вядома, але нам трэба дыплом». Так я зразумела, што ўсё, што я ўмею, не мае ніякага значэння», — кажа Ганна.

Цяпер яна паступіла ў той самы Віцебскі ўніверсітэт, але ўжо сумняецца, што пойдзе працаваць ва ўмоўную «Мілавіцу» пасля яго заканчэння. 

«На першым курсе, калі ўсе вучылі фізіку і матэматыку, я малявала калекцыю, разумеючы, што мне ўжо не 15 гадоў і трэба рэалізоўвацца. Я прадала сваю машыну і паляцела ў Кітай — у горад Гуанчжоў. Бо расказвалі, што там вялізарныя рынкі. Толькі тканіны — як «Уручча», фурнітуры — як «Малінаўка». Мне хацелася глянуць, як гэта працуе. Вярнулася я адтуль з новым матэрыялам, якога ў нас яшчэ няма. У выніку з ім трапіла на беларускі Тыдзень моды і прадала сваю першую калекцыю».

Цяпер Ганна прыглядваецца і да мужчынскіх мадэляў — шые толькі на замову і тлумачыць тым, што жаночыя строі прымярае на сябе, а вось з мужчынскімі патрэбны канкрэтны чалавек.

Цана, дарэчы, вельмі дэмакратычная — як дызайнер-пачатковец Ганна не дазваляе сабе браць дорага. Таму цана на большасць строяў — 70 рублёў.

Калі вам спадабаліся сукенкі, то можаце звязацца проста з Ганнай — кантакты ўказаныя ў профілі інстаграм.

Таксама можна пад'ехаць па адрасе Няміга 3, другі паверх, 103-ці павільён «Соў Кул».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?