01.01.2017 / 15:29

Владимир Некляев. «Беларусь — усё, што ёсць!»

Беларусы! З годам Пеўня!
Некаму пашчасціць, пэўна,
Нарадзіцца ў гэты год…
Некаму - наадварот.

Гэтак дадзена даўно:
Смерць адна.
Жыццё адно.

Абдымі — і не ўпусці!
Вось яно ў траве, лісці,
Скразняком між вербаў, лоз -
Мімалётнае да слёз…

Божа! Сцежку па жыцці
Дай ты ўсім прайсці нанова,
Каб паспелі ўсе дайсці
Да найпростае высновы:

Хай жыццё не дадало
Ці рубля, ці чыну,
Але ўсё ж
Яно было!..
І мігцела ў ім, плыло
Васільковае святло
Неба над Айчынай!

І пад родным, крэўным небам
На зямлі, дзе ты не госць,
Беларусь — усё, што трэба.
Беларусь — усё, што ёсць!