«Шляхамі Бацькаўшчыны» называецца выстава твораў Вячкі Целеша, што адчынілася ў фальварку «Добрыя мысьлі» ў Менску 11 ліпеня. Выстава прысьвечана 70-годзьдзю беларускага мастака.

Сярод экспанаванай графікі Вячкі Целеша — экслібрысы, прысьвечаныя вядомым беларусам. На адкрыцьцё выставы мастак прыехаў з Латвіі, дзе жыве апошнія 50 гадоў. Вячка Целеш працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі, а таксама ў эксьлібрысе. Многія яго творы зьвязаныя зь беларускай нацыянальнай ідэяй.

«Вячка Целеш — сапраўдны наш адраджэнец», — кажа пра яго мастак Віктар Маркавец. «Сьвядомая беларуская грамадзянская пазіцыя — яго адметнасьць. Натуральна, што яна зьяўляецца асновай, каб быць клясыкам у тых жа эксьлібрысах».

На думку Віктара Маркаўца, у эксьлібрысах Вячка Целеш спалучыў веданьне роднай літаратуры і гісторыі з адчуваньнем сваіх сяброў — вядомых дзеячоў Беларусі, якім ён прысьвячаў свае творы.

«Нездарма гэтыя творы набылі сусьветную вядомасьць і ўвайшлі ў лепшыя каталёгі і энцыкляпэдыі ўсяго сьвету» — кажа Віктар Маркавец на адкрыцьці выставы.

Вячка Целеш мае сапраўды сусьветную вядомасьць. Яго жывапіс і графіка знаходзяцца ў музэях і прыватных калекцыях ЗША, Канады, Швэйцарыі, Францыі ды іншых краінаў. Імя Вячкі Целеша ўнесена ў міжнародныя каталёгі эксьлібрысу, а таксама ў «Сусьветную энцыкляпедыю мастакоў усіх часоў і народаў». У 2006 годзе, Вячка Целеш быў ушанаваны вышэйшай узнагародай Латвійскай Рэспублікі — Ордэнам Трох Зорак.

Аднак на Радзіме вялікая пэраснальная выстава Вячкі Целеша — рэдкасьць.

«Я шчасьлівы, што ў той час, калі Беларусь была пад бел‑чырвона‑белым сьцягам, усе мы жылі сапраўды вялікай надзеяй», — кажа мастак, — «шчасьлівы, што менавіта тады ў Нацыянальным музэі мяне ўспрымалі. Тады я казаў — і газэты пісалі — пра «вяртаньне Вячкі».

У наш час, няма магчымасьцяў даставіць у Беларусь многія з работаў Вячкі Целеша па лініі мінкультуры, як гэта было пятнаццаць гадоў таму.

«Сюды я вёз тое, што мне было пад сілу, таму што графіку ўзяць лягчэй. Жывапіс, карціны — гэта зараз немагчыма», — кажа Вячка Целеш.

Але новая выстава — «ня проста агляд таго, што зрабіў за гэты перыяд, да гэтага году. Я ўсім казаў, што еду на сустрэчу з маімі сябрамі, маімі аднадумцамі — беларусамі», — кажа мастак

Адкрыцьцё выставы наведалі Алесь Белы, Генадзь Бураўкін, Георгій Ліхтаровіч, многія вядомыя беларусы; шмат хто выступіў са словамі ўдзячнасьці і павагі ў бок Вячкі Целеша.

Адзін з выступоўцаў, паэт Алесь Разанаў, кажа пра мастака:

«Ён дасьледуе, ён творыць дасьледуючы, ён адраджае, дае слова, дае вобраз таму, што ўжо зьнікае, таму, што ўжо ўваходзіць у вечнасьць. Таксама, уся Беларусь — беларуская мова, беларуская рэчаіснасьць — яна моцна спалучаная, зьвязаная з гэтай зьявай, якая называецца «вечнасьць», і Вячка Целеш — яе пасол».

Антон Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0