Пракуратура Турцыі афіцыйна абвінаваціла 86 чалавек у датычнасьці да змовы, каб зьдзейсьніць дзяржаўны пераварот.

Пракурор Айкут Энгін не назваў імёнаў абвінавачаных, але 2 ліпеня ў Турцыі былі абвінавачаныя два адстаўныя генералы і некалькі вядомых бізнэсоўцаў і журналістаў.

Паводле Энгіна, у адным з судоў Стамбулу 86 асобам высунутыя абвінавачаньні ў прыналежнасьці да тэрарыстычнай арганізацыі і ў закліку да грамадзянскага непадпарадкаваньня з мэтай зьвяржэньня ўраду.

Зь іх 48 чалавек, паводле яго словаў, ужо арыштаваныя.

У краіне абвастраецца супрацьстаяньне паміж прыхільнікамі строга сьвецкага ўкладу жыцьця, які існуе з моманту заснаваньня Турэцкай Рэспублікі, і правячай Партыі справядлівасьці і разьвіцьця, якая імкнецца рэабілітаваць іслам у грамадзкім жыцьці.

У канстытуцыйным судзе краіны разглядаецца справа пра забарону правячай партыі на той падставе, што яна імкнецца ўвесьці законы шарыяту, што супярэчаць турэцкай канстытуцыі.

У выпадку станоўчага рашэньня наконт гэтай справы і прэзыдэнт Адбула Гюль і прэм’ер Рэджэп Таіп Эрдаган могуць пазбавіцца сваіх пасад і наогл права займаць адказныя пасады ў дзяржаве. Эрдаган і Гюль адкідаюць абвінавачаньні, якія, паводле іх словаў, зьяўляюцца часткай кампаніі супраць іх партыі.

Зь іншага боку, у Турцыі даўно цыркулююць чуткі пра існаваньне клану сілавікоў, гатовага на ўсё, уключаючы дзяржпераварот, дзеля захаваньня існуючага антыісламскага ладу.

Паводле Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0