Былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі, а сёння медыякансультант з Санкт-Пецярбурга Аляксандр Зімоўскі быў у спісе тых, хто нібыта павінен удзельнічаць у перадачы Салаўёва на тэлеканале «Расія». Гаворка вялася яшчэ да таго часу, як стала вядома, што гэта фэйк.

Аляксандр Зімоўскі. Фота з facebook.com.

Аляксандр Зімоўскі. Фота з facebook.com.

«Наша Ніва»: Ці праўда, што вас запрашаюць у перадачу Салаўёва, вы будзеце ўдзельнічаць?

Аляксандр Зімоўскі: Не, я не ўдзельнічаю. Запрашэнне я атрымаў па электроннай пошце, але палічыў яго фэйкам па шэрагу прыкмет. Але і не будзь яно фэйкам, абышлося б там без майго ўдзелу, паколькі ў вызначаны ў запрашэнні час (11 студзеня) я заняты.

«НН»: Чаму ў расійскіх СМІ апошнім часам актыўна мусіруецца тэма пераемніка А.Р. Лукашэнкі?

АЗ: У мяне няма падстаў для таго, каб гаварыць аб актыўным мусіраванні гэтай тэмы. Звычайна такога роду матэрыялы пішуць мінскія карэспандэнты расейскіх СМІ, і апошні раз гэтая тэма ўсплывала ў сувязі са смерцю Іслама Карымава. Ёсць яшчэ шэраг патрыятычных рэсурсаў у Расіі, якія кормяцца з гэтай тэмы. Але ў Беларусі ўсе іх аўтары, як і самі рэсурсы, праходзяць па артыкуле «беларусафобія». Таму казаць аб планамернай актуалізацыі Расеяй/Крамлём і г.д. тэмы пераемнасці ўлады ў Беларусі, на мой погляд, заўчасна.

«НН»: Ці няма ў расійскіх эліт жадання змяніць Лукашэнку на больш лаяльнага кіраўніка?

АЗ:

У дадзеным выпадку гэта, хутчэй, тэма для анекдота:

— Ці можа тыгр з'есці тону мяса?

— З'есці то ён з'есць, ды хто ж яму дасць.

Кожны раз, калі пачынаецца гаворка пра пошук пераемніка, людзі з цвярозым розумам задаюць контрпытанне: а навошта шукаць гэтага пераемніка? Гэта чыста эканамічны падыход, і ў расійскіх элітах існуе кансенсус па пытанні супрацоўніцтва з Беларуссю.

Калі коратка, то ўмоўны «Крэмль» зыходзіць з таго, што дзяржаўны лад, улада і эканоміка ў Беларусі — гэта праблема саміх беларусаў. А на першы план выходзіць новы прынцып нашых узаемаадносін. Згодна з якім, Беларусь вольная паступаць і жыць так, як ёй падабаецца. А Расея вольная ад таго, каб аплачваць Беларусі гэтую свабоду.

Ёсць яшчэ адзін нюанс — абсалютнае непрыманне прэтэнзій Захаду да Беларусі і да Расеі ў нашых краінах прыкладна аднолькавае. То бок у нас адзіная стратэгічная ідэалагічная пазіцыя, а «шалёная беларусiзацыя» і «русскiй мiръ» — гэта ўсяго толькі дробныя рознагалоссі па тактычных пытаннях.

«НН»: Ці не пачынаецца ў расійскіх СМІ чарговая кампанія супраць кіраўніцтва Беларусі, як было ў 2010 з «Хроснымі бацькамі»?

АЗ: Вы цалкам справядліва заўважылі, што ўсё гэта носіць ярка выяўленыя прыкметы кампанейшчыны. Звычайна такога роду інфармацыйныя акцыі праводзяцца для паслаблення / ўмацавання перамоўных пазіцый бакоў. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра ўсім вядомую праблему цэн на энерганосьбіты, усталяваных раней беларуска-расійскімі дамовамі, і існуючай беларускай запазычанасці. Пункт гледжання бакоў вядомы, я не буду паўтарацца.

Кожны з бакоў выкладае сваю пазіцыю, у тым ліку і праз СМІ. А ступень агрэсіўнасці выкладу залежыць толькі ад рызыкі і таленту выканаўцаў, якія працуюць у гэтых СМІ. У гэтым кантэксце актуалізацыя тэмы Беларусі і асабіста яе прэзідэнта цалкам магчымая. Да якой ступені гэта можа аказацца балюча і крыўдна для беларускага боку, я не бяруся прадказваць.

Калі ж казаць пра канкрэтную пазіцыі Пуціна, яна вядомая: «Pacta sunt servanda», або «Падпісаўся — плаці». Аб пазіцыі беларускага боку я нічога сказаць не магу, у сілу недасведчанасці. Аднак магу заўважыць, што эфектны жэст дружбы і згоды, прадэманстраваны беларускім бокам, будзе неадкладна ацэнены ў Расіі самым станоўчым чынам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?