Страх беларусаў перад расейскай мадэльлю капіталізму можа стаць вызначальным для геапалітычнага выбару краіны. Піша Васіль Аўраменка.

Сацыёлягі кажуць пра амбівалентнасьць грамадзкіх чаканьняў: адначасова нашы людзі хочуць мець рынкавыя адносіны і рэгуляваныя цэны, даганяць Эўропу і заставацца ў саюзе з Расеяй, ламаць заганы сыстэмы і захаваць «стабільнасьць»… Гэткія ваганьні адлюстроўваць хістаньні і кіруючых галовах, прынамсі ў галоўнай зь іх.

А што калі падысьці да праблемы з другога боку? Чаго сёньня найбольш баяцца беларусы?

Традыцыйны адказ — «абы не было вайны» — траціць сваю актуальнасьць. Нават нягледзячы на татальную афіцыйную прапаганду вайны (праз «гераічны подзьвіг у ВАВ») і маніякальныя пошукі ворагаў за межамі і ўнутры краіны, просты люд ня верыць у верагоднасьць замежнай агрэсіі ці грамадзянскай вайны. Не баіцца сярэднестатыстычны беларус і «буржуйскіх страхоцьцяў» — свабоды, дэмакратыі, вольнага рынку ды іншых лібэральных «жахаў», расьпісаных нашай прапагандай самымі чорнымі фарбамі. Па‑першае, многія ўжо былі на Захадзе і бачылі на ўласныя вочы, як там «кепска». А па‑другое, большасьць проста не дае веры, што такое калісьці магчыма і ў нас. А вось у што многія вераць і чаго рэальна баяцца — дык гэта так званага «дзікага расейскага капіталізму». Вопыт усходніх суседзяў, па‑свойму асьветлены беларускімі СМІ, і кантакты з расейскай рэчаіснасьцю (найперш праз нашых гастарбайтэраў) стварылі ў масавай сьвядомасьці непрывабны вобраз сучаснай Расеі. Тым больш што пэрыяд «дзікага» капіталізму пакрысе завяршыўся эрай алігархіі, што таксама, мякка кажучы, ня вельмі натхняе наш электарат. Пікантнасьць сытуацыі яшчэ ў тым, што беларускі прота‑капіталізм, замарожаны ва ўмовах лукашызму на эмбрыянальнай стадыі (т.зв. «рынкавага сацыялізму»), вымушаны будзе ў бліжэйшыя год‑два выйсьці ў вялікі сьвет. Дыскусіі — што лепш, капіталізм ці камунізм, — ведама ж, ужо ня будзе, а вось якім шляхам ісьці — «дзікім» расейска‑алігархічным ці «памяркоўным» эўрапейскім — ёсьць сэнс задумацца. І тут, як ні дзіўна, могуць быць сюрпрызы.

Калісьці прэзыдэнт РБ назваў беларусаў «тымі ж рускімі, толькі са знакам якасьці». Што гэта за знак, і на якім месцы ў нашага чалавека ён стаіць, ніхто не ўдакладніў. Я паспрабую выправіць гэты недагляд ідэалягічнай вэртыкалі.

Калі ўмоўна вызначаць працэнт «эўрапейскасьці» расейцаў, то гэта будзе недзе каля 50%. Іншую палову мэнтальных традыцый Расеі будуць складаць «бізантыйства», «татаршчына», «панславянства» ды іншыя культурна‑гістарычныя прыкметы, якія выразна аддзяляюць яе ад іншай Эўропы і лічацца прычынай «асобнага» шляху, адрознага ад заходніх узораў. Калі гэтак жа прааналізаваць мэнталітэт беларусаў, то доля іхняй «эўрапейскасьці» дзеля гістарычных абставін будзе большай — хай нават на 15—20%. Аднак гэтае «крыху» і можа быць вызначальным пры геапалітычным выбары. Так, беларусы больш памяркоўныя, рацыянальныя, працавітыя і лепш кіраваныя, чым расейцы, гістарычна яны ў большай ступені эўрапейцы, чым азіяты. Напэўна, гэта і меў на ўвазе Лукашэнка, калі ставіў на беларуса «знак якасьці».

Менавіта той «дадатковы» працэнт эўрапейскасьці і ёсьць адрозьненьнем тутэйшых «тожа рускіх» ад вялікаросаў. І вось, калі раптам паставіць пытаньне рубам — «які варыянт капіталізму вы захацелі б — расейскі ці эўрапейскі?» — беларусы, памеркаваўшы, хутчэй за ўсё выбралі б другі. Справа ў тым, што эўрапейскі (літоўскі або польскі) шлях да капіталізму ім больш блізкі і сымпатычны, чым расейскі.

Нягледзячы на моўныя адрозьненьні ад сваіх заходніх суседзяў, 500 год сумеснага жыцьця адбіліся на нас больш, чым 200 год з усходнімі. Дарэчы, інтуіцыйна гэта адчувае і такі «сьвежасьпечаны» беларус, як А.Лукашэнка.

Ягоная заява, што някепска нам было б раўняцца на швэдзкую мадэль «сацыялізму», акурат і высьвечвае патаемную мару тутэйшага чалавека. Адзінае, што пад узьдзеяньнем савецкіх традыцый прэзыдэнт РБ пакуль саромеецца вымавіць слова «капіталізм» (каб не напужаць свой стары электарат), аднак сутнасьці гэта не мяняе, бо нават для яго расейскі шлях здаецца неадпаведным традыцыям і характару беларусаў. І тут, канечне, узьнікае дылема: жорсткая эканамічная залежнасьць ад Расеі і нежаданьне паўтараць яе прыклад. Ці дазволіць расейскі капітал, што дамінуе ў нашай эканоміцы, будаваць іншую, нерасейскую мадэль сацыяльна‑эканамічных адносін? Ці здолеюць беларусы падпарадкаваць замежныя ўплывы? Як правесьці эканамічныя пераўтварэньні і захаваць палітычную «цнатлівасьць» тутэйшай улады? Вось пытаньні, якія сёньня ва ўсёй сіле паўстаюць, ды ня так перад простымі беларусамі, як перад тымі, хто трымае стырно ўлады і марыць яшчэ доўга яго не згубіць.

Васіль Аўраменка, Магілёў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0