У ходзе даследаванняў, праведзеных ва ўніверсітэце Лімерыка ў Ірландыі, частка стрававальнай сістэмы чалавека атрымала новую класіфікацыю і цяпер называецца органам, піша ВВС.
Тут і ніжэй выявы: The Lancet Gastroenterology & Hepatology
Раней лічылася, што брыжэйка, якая злучае страўнік з кішэчнікам, складаецца з мноства асобных частак.
Аднак, як высветліў ірландскі хірург прафесар Дж. Келвін Кофі, на самай справе гэта суцэльны орган.
Па словах прафесара Кофі, вынікі яго даследавання, апублікаваныя ў часопісе Lancet, могуць адкрыць новую эру ў навуцы і спрыяць разуменню шэрагу захворванняў.
Аднак цяпер патрабуюцца дадатковыя даследаванні, каб высветліць дакладную функцыю «новага органа».
«Мы ўжо высветлілі анатомію і структуру брыжэйкі, цяпер чарга за функцыяй, — кажа прафесар Кофі. — Калі зразумець функцыю органа, можна высветліць і парушэнне гэтай функцыі — і такім чынам вызначыць захворванне. А ўсё разам гэта дае новае поле для навуковага даследавання брыжэйкі».
Кофі упэўнены, што брыжэйка заслугоўвае такога ж уважлівага вывучэння, як і ўсе астатнія органы чалавечага арганізма.
Не выключана, што гэты орган грае важную ролю ў такіх захворваннях, як рак кішэчніка, запаленне кішэчніка, дыябет і атлусценне.
Брыжэйка ўяўляе з сябе складзеную ўдвая брушыну, якая высцілае брушную паражніну. Яна прымацоўвае да задняй сценкі жывата страўнік, тонкую кішку, тоўстую кішку і іншыя полыя органы.