«Беларусь нязменна выступае за кампетэнтны дыялог па ўсіх пытаннях будаўніцтва АЭС па лініі профільных ведамстваў», — заявіў на брыфінгу 5 студзеня ў Мінску прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, каментуючы прызначэнне Літвой спецыяльнага пасла па асобых даручэннях па пытаннях будаўніцтва Беларускай АЭС.

Пры гэтым Мірончык падкрэсліў, што на гэты момант літоўскі бок афіцыйна не паведаміў Беларусі аб гэтым прызначэнні.

«Калі літоўскаму боку для найбольш эфектыўнага дыялогу з намі патрабуецца спецыяльны каардынатар ў МЗС, то гэта яе права, і гэта можна толькі вітаць. Калі гэтая пасада заснаваная толькі ў мэтах далейшай палітызацыі пытання і пераносу дыскусіі на міжнародныя пляцоўкі, якія часта не маюць ніякага дачынення ні да ядзернай тэматыкі, ні да энергетыкі, ні да экалогіі, то ў гэтым выпадку гэта, хутчэй, контрпрадуктыўны захад», — сказаў Мірончык.

4 студзеня спецпаслом Літвы па асаблівых даручэннях па пытаннях будаўніцтва БелАЭС быў прызначаны Дарус Дэгуціс. Ён працуе ў МЗС Літвы з 1991 года. Быў паслом у Польшчы і Ізраілі, працаваў у літоўскіх дыпламатычных прадстаўніцтвах у Даніі і ЗША. Зараз ён будзе выкладаць «сфармаваную пазіцыю Літвы» па Беларускай АЭС у пытаннях ядзернай бяспекі і праблемах навакольнага асяроддзя, сачыць за сітуацыяй на нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным узроўнях, а таксама спрыяць каардынацыі літоўскіх ведамстваў. Акрамя таго, спецпасол будзе прадстаўляць пазіцыю Літвы пры супрацоўніцтве з міжнароднай супольнасцю, абменьвацца інфармацыяй з іншымі краінамі, урадавымі і няўрадавымі арганізацыямі, парламентамі.

Рашэнне аб прызначэнні спецпасла па пытаннях будаўніцтва Беларускай АЭС было прынятае 3 студзеня на сустрэчы літоўскіх міністраў замежных спраў, навакольнага асяроддзя і энергетыкі, але яго імя не называлі да падпісання ўказа.

Тры міністры таксама накіравалі лісты высокапастаўленым прадстаўнікам Еўракамісіі і дырэктару Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі, у якіх звяртаюць увагу на ўжо шосты па ліку інцыдэнт, звязаны з будаўніцтвам АЭС у Астраўцы (Гродзенская вобласць). Міністры просяць забяспечыць кантроль гэтых арганізацый над рэалізацыяй беларускага праекта. Літва ў лістах выказвае перакананасць у тым, што Беларусь працягне небяспечнае развіццё АЭС, якая будзе знаходзіцца за 50 км ад Вільні, а калі праект і далей будзе рэалізоўвацца без выканання міжнародных патрабаванняў бяспекі, то ён будзе ўяўляць пагрозу для бяспекі ўсяго рэгіёна.

Як паведамлялася, вечарам 28 снежня на будаўнічую пляцоўку атамнай станцыі даставілі з Расіі новы корпус рэактара для АЭС. У дарозе з ім адбыўся інцыдэнт. Паводле інфармацыі адміністрацыі БелАЭС, 26 снежня падчас манеўравання на станцыі Слаўнае здарылася «нязначнае дакрананне ахоўнага металічнага транспартнага кажуха звышнегабарытнага грузу, што перавозіўся, да апоры кантактнай сеткі». Пры гэтым пашкоджанняў на корпусе рэактара не выявілі.

29 снежня МЗС Літвы ўручыла беларускаму паслу Аляксандру Каралю ноту з просьбай тэрмінова падаць поўную інфармацыю пра здарэнне з новым корпусам рэактара для БелАЭС. Літоўскі бок выказаў «вялікую заклапочанасць у сувязі з паўторам інцыдэнтаў на АЭС», аб якіх становіцца вядома не з афіцыйных крыніц, а са СМІ.

Літоўскае знешнепалітычнае ведамства папрасіла адказных асоб у Беларусі «дбайным чынам расследаваць інцыдэнт і праінфармаваць Літву, суседнія дзяржавы і МАГАТЭ аб выніках расследавання». МЗС Літвы таксама зноў запатрабавала ад Беларусі тэрмінова правесці SEED-місію МАГАТЭ па ацэнцы выбару пляцоўкі будаўніцтва.

З першым рэактарным корпусам для БелАЭС таксама здарыўся інцыдэнт. 10 ліпеня на будпляцоўцы станцыі падчас выпрабавальнай трэніровачнай устаноўкі 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў. На патрабаванне беларускага боку Расія пагадзілася яго замяніць.

Беларуская АЭС будуецца пры ўдзеле Расіі пад Астраўцом ў Гродзенскай вобласці. Яна будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?