Сёньня ў рэгіёнах Беларусі на сумесных паседжаньнях аблвыканкамаў і прэзыдыюмаў абласных саветаў былі сфармаваныя 110 акруговых выбарчых камісіяў.

У склад акруговых выбарчых камісіяў улада ўключыла і некаторых прадстаўнікоў апазыцыі. На апошніх парляманцкіх выбарах у 2004 г. месца апазыцыянэрам не знайшлося.

БЕРАСЬЦЕ

Інфармацыя пра папярэднія вынікі пакуль няпоўная. Паведамляе старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігар Маслоўскі:

“Паседжаньне прайшло вельмі хутка. Праект рашэньня быў загадзя падрыхтаваны. Таму фактычна не было абмеркаваньня кандыдатур. І ў выніку з 26 прадстаўнікоў абласной кааліцыі АДС, якія былі вылучаны ад партый і грамадзкага аб'яднаньня БНФ “Адраджэньне”, было ўключана 6 кандыдатаў. Пісьмовага пацьверджаньня пакуль не атрымалі, але вусна нас запэўнілі, што ў выбарчыя камісіі ўключаныя: ад БСДП (Грамада) — 1 прадстаўнік; ад ПКБ — 1; ад БНФ — 2; ад АГП — 2”.

МАГІЛЁЎ

На Магілёўшчыне -- трынаццаць акруговых выбарчых камісіяў. Сваіх прадстаўнікоў апазыцыя будзе мець у дзьвюх зь іх. Гэта — старшыня рэгіянальнай арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай Валер Беразіенка й вылучэнец руху БНФ “Адраджэньне” Пётар Мігурскі.

А ўсяго апазыцыйныя арганізацыі вылучалі ў камісіі 20 сваіх прадстаўнікоў.

Паводле старшыні рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, чыноўнікі аргумэнтавалі неўключэньне ў камісіі большай колькасьці фронтаўскіх прадстаўнікоў тым, што яны людзі сталага веку й беспрацоўныя. Палітык даводзіць, што такіх было толькі трое. Акрамя таго, зазначае спадар Кастусёў, чыноўнікі не ўключылі ў камісіі вядомых у Магілёве людзей — дэпутата гарсавету Аляксандра Агеева й гісторыка Ігара Пушкіна, і ніяк гэтага не аргумэнтавалі:

“Ім ня выгадна, каб у камісіях былі прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў. Яны зацьвердзілі больш тых людзей, якія будуць галасаваць так, як ім патрэбна, і якія будуць падпісваць пратаколы і чыстыя блянкі, а таксама зацьвярджаць тыя лічбы, якія неабходныя будуць уладным структурам”, – паведаміў Рыгор Кастусёў.

Кіраўнік выбарчага штабу абласной кааліцыі дэмакратычных сіл Магілёўшчыны Юры Новікаў ня бачыць вялікага дасягненьня ў тым, што ў акруговыя выбарчыя камісіі патрапілі двое прадстаўнікоў апазыцыі:

“Проста на Беларусі склалася такое становішча — уладзе неабходна паказаць, што ёсьць у нас дэмакратыя. Вось, глядзіце, мы і апазыцыі даём свабоду дзеяньня. Але гэта ўсё выглядае пакуль сумнеўна. Наперадзе ў нас самыя галоўныя працэсы, і наколькі яны гатовыя гуляць у дэмакратыю шырэй, паглядзім далей”.

ГОМЕЛЬ

Сёньня ў Гомелі намесьнік начальніка ўпраўленьня арганізацыйна-кадравай працы аблвыканкаму Аляксандар Усаў заявіў, што ў склад 13 акруговых камісій уключаны прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў і дэмакратычных грамадзкіх арганізацый.

Камэнтуе Сьвятлана Гальдадэ, сябра АГП, якая раней працавала ў Гомельскай-Юбілейнай акрузе № 31, але цяпер не прайшла:

“У гэтых камісіях нічога не вырашаецца. Гэтыя камісіі толькі зацьвярджаюць тыя вынікі, якія ўжо зьмяніць нельга. Усё фальшуецца ва ўчастковых камісіях. І я ня думаю, што калі ў іх склад увойдзе нехта ад апазыцыі, то здолее дамагчыся справядлівасьці. Бо на сёньня сытуацыя ў выбарах — тупіковая!”

ВІЦЕБСК

У Віцебскай вобласьці сфармавана 14 выбарчых акруговых камісій, у склад якіх увайшлі 182 чалавекі, у тым ліку прадстаўнікі 6-ці партый і 7-мі грамадзкіх аб”яднаньняў.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, колькасьць партыйцаў складае 10% ад агульнага ліку чальцоў камісій. У акруговыя камісіі трапілі прадстаўнікі Аграрнай партыі, КПБ, ПКБ, БСДП “Грамада”, АГП і БНФ. Вядома, што агульная колькасьць сябраў партый, якіх зарэгістравалі ў камісіі, --18 чалавек, але колькі зь іх прадстаўляюць апазыцыйныя партыі, пакуль не паведамляецца.

Незалежных журналістаў, якія хацелі прысутнічаць пры фармаваньні камісій, на сумеснае паседжаньне аблвыканкаму і прэзыдыюму абласнога савету не дапусьцілі. Пра гэтае парушэньне карэспандэнт газэты «Товарищ» Мікалай Петрушэнка напісаў у Кнізе скаргаў і цяпер чакае на пісьмовы адказ чыноўнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?