У новым годзе Гідрамет увядзе новыя кліматычныя нормы, паведаміў 5 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік службы навукова-метадычнага забеспячэння гідраметэаралагічнага і радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу і фондаў дадзеных Гідрамета Віктар Мельнік.
Паводле яго слоў, пацяпленне клімату, якое назіраецца з 1989 года, патрабуе ўвядзення новых кліматычных нормаў.
Спецыяліст адзначыў, што ў сваім рашэнні Гідрамет таксама кіруецца рэкамендацыямі Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі. Новыя кліматычныя нормы будуць характарызаваць пацяпленне клімату ў Беларусі за апошнія 30 гадоў.
«Мы лічым, што ў першую чаргу новыя нормы важныя для працы галін эканомікі, асабліва ў будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, энергетыцы, — падкрэсліў Мельнік. — Пры планаванні сваёй дзейнасці ім трэба кіравацца больш актуальнымі кліматычнымі нормамі».
Ён адзначыў, што мінулы год выдаўся цёплым, хоць і не рэкордным, як 2015-ты. Аднак, заявіў спецыяліст, 2016 год пацвердзіў глабальнае змяненне і пацяпленне клімату. Таксама прадстаўнік Гідрамета адзначыў цёплую зіму мінулага года і «даволі камфортнае лета», якое пасля спёкі і засухі 2015 года дало «перадышку сельскай гаспадарцы».
Адказваючы на пытанне аб стане азімых, Мельнік станоўча ахарактарызаваў снегапады, якія прайшлі ў Беларусі.
«Наяўная сітуацыя спрыяльная для пасеваў. Пласт снегу будзе надзейна хаваць азімыя ад маразоў. У дваццатых чыслах студзеня нашы сеткавыя падраздзяленні зробяць першыя вырошчванні азімых культур, і будзе вядомы працэнт іх зрэджанасці, — сказаў спецыяліст. — У лютым будуць праведзены паўторныя вырошчванні».
Паводле яго слоў, пакуль ніякіх неспрыяльных прагнозаў у дачыненні да азімых няма.