Пяць чалавек загінулі, восем атрымалі раненні ў выніку стральбы, адкрытай у аэрапорце горада Форт-Лодэрдэйл у амерыканскай Фларыдзе, паведамляе ВВС.

AP

AP

Прадстаўнік адміністрацыі шэрыфа акругі Бровард, у якім размешчаны аэрапорт, паведаміў у твітары, што загінулі пяць чалавек.

Шэрыф Скот Ізраэл паведаміў, што параненыя восем чалавек, яны адпраўленыя ў бальніцу.

Па паведамленнях мясцовых уладаў, нападнік затрыманы.

Страляніна пачалася каля гадзіны дня па мясцовым часе ў зале выдачы багажу другога тэрмінала.

Відавочцы здарэння распавялі журналістам канала MSNBC і іншых тэлеканалаў аб тым, што нападнік, хударлявы малады чалавек гадоў 20-30 у футболцы з «Зорнымі войнамі», быў нібыта паранены паліцэйскімі, калі спрабаваў перазарадзіць сваю зброю, менш чым праз хвіліну пасля таго, як адкрыў агонь.

Паведамляецца таксама, што паліцыя вывела з будынка аэрапорта чалавека ў кайданках праз дзве гадзіны пасля першых паведамленняў аб страляніне.

Тым часам шэрыф Скот Ізраэл заявіў, што паліцыя не зрабіла ні аднаго стрэлу і што нападнік, якога затрымалі, не пацярпеў. Таксама ён заявіў, што няма ніякіх падстаў лічыць, што нападнікаў было двое.

Reuters

Reuters

Прадстаўнік адміністрацыі шэрыфа Чып Ламарка паведаміў на брыфінгу журналістам, што зламыснік прыляцеў рэйсам з Канады. У багажы ў яго быў пісталет. Атрымаўшы багаж, ён у туалеце дастаў пісталет і зарадзіў яго.

Пасля гэтага ён адкрыў стральбу. Ламарка сказаў таксама, што не ведае, чаму зламыснік пачаў страляць.

Сенатар штата Фларыда Біл Нэльсан заявіў амерыканскім СМІ, што нападнік ідэнтыфікаваны і што яго завуць Эстэбан Сант'яга. Па яго словах, у зламысніка было знойдзена пасведчанне асобы ваеннага, аднак не ясна, ці належаў гэты дакумент яму. Гэтая інфармацыя пакуль не была пацверджаная прадстаўнікамі праваахоўных органаў.

«На дадзены момант нам не вядомыя матывы, — паведаміў Нэльсан. — Гэта цалкам мог быць чалавек з хворай псіхікай. Альбо матывы могуць быць нашмат больш злавеснымі, пра што нам даводзіцца турбавацца кожны дзень. Я маю на ўвазе тэрарызм. Мы не можам зараз рабіць высновы».

Мясцовыя тэлеканалы паказалі кадры, на якіх медыкі ля будынка аэрапорта аказваюць дапамогу акрываўленаму чалавеку.

На кадрах, знятых з верталёта, відаць, што эвакуяваныя з памяшкання аэрапорта пасажыры стаяць на ўзлётнай паласе, а на месца здарэння прыбылі карэты хуткай дапамогі і спецпадраздзяленні паліцыі.

AP

AP

Шэраг сведак падзей апісвалі тое, што адбываецца, як паніку.

Федэральныя авіяцыйныя ўлады прыпынілі вылет і пасадку самалётаў у аэрапорце Лодэрдэйл.

Гэты аэрапорт з'яўляецца важным транспартным вузлом штата, сюды прыбываюць шматлікія турысты, якія адпраўляюцца на адпачынак у Фларыду.

У змешчаным непадалёк Міжнародным аэрапорце Маямі ўведзеныя павышаныя меры бяспекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?