5 студзеня беларусы Варшавы сабраліся ў адкрытай прасторы «Duży Pokój», каб згуляць у «Што? Дзе? Калі?». Беларускі інтэлектуальны клуб з'явіўся ў сталіцы Польшчы ўпершыню, але адразу сабраў шэсць каманд. Агулам на першым «пасяджэнні» было 37 удзельнікаў.
Знатакі згулялі 36 пытанняў. Пераможца — каманда «Ёжы лес» — дала на іх 22 дакладныя адказы. Дарэчы, лідары турніру прыехалі ў Варшаву з Прагі, а за сталом у іх былі не толькі беларусы, але і азербайджанцы.
«Сярод удзельнікаў гульні былі таксама палякі і ўкраінцы. Каб усе добра разумелі, пытанні былі па-руску. Але было пытанне пра «Белшыну», — распавядае Аляксандр Лапко, адзін з арганізатараў гульні. — Дарэчы, думаем зрабіць інтэлектуальную гульню на беларускай мове ў Беларускім доме».
Учорашняя гульня скончылася такім пытаннем:
«На карціне XV стагоддзя галаўны ўбор аднаго з іх ляжыць на зямлі, падкрэсліваючы непараўнальна меншую сілу ўлады зямной. Назавіце іх словам, якое прыйшло са стараславянскай».
Адказ вы даведаецеся, калі вылучыце колерам наступную вобласць: вешчуны. Каментарый: у Босха ёсць трыпціх «Пакланенне вешчуноў». Біблейныя вешчуны, як вядома, былі царамі. А ў Польшчы 6 студзеня адзначаецца Свята трох каралёў.
Неўзабаве варшаўскі клуб «Што? Дзе? Калі?» плануе зладзіць наступную гульню. За раскладам можна сачыць на старонцы клуба ў Facebook.