Жыхары еўрапейскіх краін пакутуюць ад незвычайна моцных халадоў, якія ўстанавіліся ў першыя дні студзеня з прыходам халодных паветраных мас са Скандынавіі.

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

За апошнія два дні ў Еўропе ад пераахаладжэння загінулі больш за 20 чалавек, сярод іх нямала мігрантаў і бяздомных.

10 чалавек памерлі толькі ў Польшчы, дзе тэмпература апусцілася да мінус 14 градусаў, а ў некаторых рэгіёнах — да мінус 20 градусаў па Цэльсіі.

На паўднёвым усходзе і ў цэнтральнай частцы Італіі, дзе загінулі сем чалавек, ідуць моцныя снегапады.

На поўдні Германіі ў горных раёнах тэмпература паветра звалілася да мінус 26 градусаў Цэльсія, на многіх аўтамабільных трасах краіны ўтварыўся моцны галалёд.

У Празе, як паведамляюць чэшскія ўлады, мінулая ноч была самай халоднай з пачатку зімы. Ахвярамі марознага надвор'я там сталі тры чалавекі.

Прынамсі трое бежанцаў з-за халадоў загінулі ў Балгарыі.

У Стамбуле выпала да 40 см снегу. У апошнія дні Турцыя апынулася ва ўладзе маразоў і снежных бур.

У Маскве ўстанавіліся анамальныя калядныя маразы, слупок тэрмометра мінулай ноччу апусціўся ніжэй за мінус 30 градусаў Цэльсія.

У Мінску сёння ноччу было мінус 24,4 градуса, днём чакаецца да мінус 18.

У Беларусі загінулі ад маразоў чатыры чалавекі: тры ў Мінскай вобласці, адзін у Бабруйску.

Увечары 7 студзеня на Лагойшчыне, дзе было каля 26 градусаў марозу, зламаўся аўтобус з 56 расійскімі турыстамі. Пасажыраў адправілі ў гасцініцу.

Мароз пачне адпускаць у сярэдзіне наступнага тыдня.

Карта халадоў

На сайце Белгідраметцэнтра штодзень публікуецца карта мінімальных тэмператур па краіне і ў замежжы.

8 студзеня тэмпература ў раёне Гарадка на Віцебшчыне апусцілася да мінус 34,4 градуса. У раёне Брагіна і Лоева на Гомельшчыне было «толькі» мінус 18 градусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0