Паляўнічыя тлумачаць агрэсію звера голадам — нядаўна ў лясах скарацілі колькасць дзіка. Фота firstpeople.us

Паляўнічыя тлумачаць агрэсію звера голадам — нядаўна ў лясах скарацілі колькасць дзіка. Фота firstpeople.us

Другі месяц ваўкі трымаюць у страху некалькі вёсак на поўначы Віцебскай вобласці. Галодныя драпежнікі з надыходам цемры выходзяць з лесу і да смерці загрызаюць сабак. Жыхары вёскі Газьба пакутуюць ад нашэсця драпежнікаў больш за ўсё, піша sb.by.

— Страшна ў нас. Не прыязджайце, — гэта першае, што я пачула ад мясцовага заўмага Марыны Данілавай у адказ на маю прапанову заехаць у Газьбу. — На днях сусед бачыў, як тры ваўкі гналі па вёсцы лася. Пастукаў сякерай аб жалязяку, драпежнікі спалохаліся — і ў лес. І мы спалохаліся. Пасля шасці гадзін на двор больш ні-ні.

А ваўкі тым часам наводзяць у вёсцы свае парадкі. Хто так бязлітасна расправіўся з любімым Жучком? Гэта першае, пра што падумала Галіна Страчыла, калі раніцай знайшла раскіданыя па падворку астанкі і кроў. Гаспадыня да гэтага часу не адыходзіць ад пустой будкі, аплаквае чацвераногага вартаўніка. Шэрыя разбойнікі не думаюць адступаць і ледзьве не кожную ноч тэрарызуюць адзінокую жанчыну: чуючы здабычу, шныраць ля адрыны, дзе зімуюць нясушкі. Яе сабака стаў не адзінай ахвярай драпежніка, у навакольных вёсках ваўкі загрызлі з дзясятак сабак. Уцалелых гаспадары закрываюць у хлявах ці забіраюць у хаты.

Апусцелымі сабачымі будкамі ў Газьбе нікога не здзівіш.

Апусцелымі сабачымі будкамі ў Газьбе нікога не здзівіш.

— Жудасць, — адным словам апісала сітуацыю Галіна Страчыла. Яна працуе паштальёнам. І калі нехта назаве сваю працу складанай, то сяльчанка з імі ахвотна паспрачаецца: — У мяне абход 6 — 7 кіламетраў, усё па прасёлкавых дарогах. Бывае, ідзеш, а яны за табой увяжуцца, праследуюць. Метраў за 20 — 25 трымаюцца, бліжэй не падыходзяць. Тут галоўнае не панікаваць: паскорыш хаду ці пабяжыш — і яны нападуць.

Прэцэдэнты ёсць. Мінулай зімой у вёсцы Пальмінка ў тым жа Гарадоцкім раёне зграя ваўкоў напала на маладога чалавека па дарозе дадому. Той паспеў залезці на дрэва, але ногі яму пагрызлі. Добра яшчэ, што з сабой быў мабільны тэлефон, выклікаў сяброў і «хуткую»…

— Такога кашмару ў акрузе даўно не было, — разводзіць рукамі 85-гадовая Клаўдзія Будаева. — У вёсцы сабак няма. Усіх паелі. 

Такія воўчыя сляды зранку знаходзяць вяскоўцы каля сваіх дамоў і хлявоў

Такія воўчыя сляды зранку знаходзяць вяскоўцы каля сваіх дамоў і хлявоў

За сябе пенсіянерка не хвалюецца, кажа, пажыла сваё. А за ўнучку Ксюшу душа не на месцы: кожную раніцу дачка вядзе вучаніцу 2-га класа да аўтобуснага прыпынку, да якога не менш за кіламетр па неасветленай вясковай вуліцы. Наогул, шмат хто ў гэтай вёсцы сапраўднага ваўка ў вочы не бачыў, аднак цяпер баяцца адпускаць дзяцей у школу.

— Адных дзяцей не адпускаем, ідзём да прыпынку разам з імі, — пра суровыя будні ў глыбінцы расказвае Марына Данілава. — Вадзіцель аўтобуса, дзякуй яму вялікі, стаў пад'язджаць да самай вёскі, дзецям хоць праз лес да дарогі не трэба ісці. А яшчэ музыку ўключаем у гаджэтах грамчэй — яе ваўкі таксама не любяць. Сусед наш Рашыд Абусаідавіч праводзіць унука-сямікласніка ў школу з факелам — пах гару не падабаецца драпежнікам.

Другі месяц з надыходам цемры на вуліцах Газьбы — ні душы, а па вечарах у вёсцы чуюць толькі воўчае выццё. Жыхарам нічога не застаецца, акрамя як абараняцца ўсімі падручнымі сродкамі. Уся надзея — на вілы і сякеры. Навагодняя ілюмінацыя ў Газьбе гарыць ночы напралёт: агні гірлянд драпежнікам таксама не даспадобы. Сяльчанка Алена Сухарукава прыслухалася да парад бывалых паляўнічых і развесілі ўздоўж свайго хлява з авечкамі чырвоныя анучы, каб адпудзіць няпрошаных лясных гасцей. Не дапамагло.

— Мужыкі піць сталі менш, — сяльчанка шукае хоць нейкія плюсы ў гэтай сітуацыі. — Раней, бывала, накацяць і спяць у гурбе. А тут яшчэ святы! Цяпер баяцца. У гэтую навагоднюю ноч па вуліцы ніхто не боўтаўся.

Галодныя драпежнікі, акрамя Газьбы, тэрарызуюць некалькі бліжэйшых вёсак: Мяжу, Зайкава, Лугаўскія… А ў святочныя выхадныя ў вёсцы Віраўля зграя шэрых выцягнула праз акно адрыны і разадрала дзве авечкі.

Дырэктар гарадоцкай аргструктуры «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў» Юрый Лявонаў тлумачыць небывалую агрэсію звера элементарным голадам — нядаўна ў лесе скарацілі колькасць кабаноў.

— За мінулы год адстралялі па ўсім раёне 21 ваўка, плюс 3 ваўкі-падранкі. У канцы студзеня — пачатку лютага ў іх пачынаецца гон, тады і пачнём масавы адстрэл, — тлумачыць Юрый Лявонаў. — Што датычыцца Газьбы, то я бачу дзве прычыны такога стану рэчаў. Па-першае, зараз маладняк пачаў выходзіць на паляванне, вучыцца. Па-другое, Газьба знаходзіцца ў пяці кіламетрах ад расійскай мяжы, воўк свабодна заходзіць і сыходзіць. Мы тут яго адстрэльваем, а як ідуць справы на тым баку — невядома.

А пакуль паляўнічыя не вырашаць воўчую праблему, Юрый Лявонаў раіць вяскоўцам быць асцярожнымі, асабліва ў начны час, калі драпежнік найбольш актыўны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?