За мінулыя выхадныя дні ва ўстановы аховы здароўя звярнуліся 180 чалавек з пераахаладжэннем і абмаражэннямі, паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Вольга Шульпіна.

У прыватнасці 7 студзеня з халадовымі траўмамі да медыкаў звярнуліся 94 чалавекі, у тым ліку 12 дзяцей, 8 студзеня — 86 чалавек, у тым ліку трое дзяцей. «Некага з іх шпіталізавалі, некага агледзелі амбулаторна і далі рэкамендацыі», — адзначыла Шульпіна.

Пра колькасць загінулых ад пераахаладжэння, паводле яе слоў, казаць пакуль рана, бо дакладную прычыну смерці людзей, знойдзеных за апошнія дні загінулымі, зможа ўсталяваць толькі судмедэкспертыза.

Усяго з 28 лістапада 2016 года ва ўстановы аховы здароўя звярталіся 374 пацыенты з халадовымі траўмамі.

Валанцёры Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа з 6 па 8 студзеня 15 разоў аказвалі першую дапамогу пацярпелым ад пераахаладжэння, паведаміў кіраўнік аддзела па рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі і вышуку БТЧК Дзмітрый Русакоў. У прыватнасці каля храмаў, паводле яго слоў, патрабавалася дапамога людзям, якія страцілі прытомнасць з-за нізкіх тэмператур. «Там дзяжурыла хуткая дапамога, таму мы аказвалі падтрымку па транспартаванні да карэты хуткай дапамогі. Мы маніторылі гэтыя сітуацыі — усе людзі жывыя, здаровыя», — адзначыў спецыяліст.

Трынаццаць з паловай тысяч чалавек падчас моцных маразоў наведалі стацыянарныя і мабільныя пункты абагрэву БТЧК. Пункты працуюць у Беларусі з 5 студзеня, і больш за ўсё людзей прыходзіла пагрэцца 6 і 7 студзеня — 4,8 тыс. І 5,1 тыс. чалавек адпаведна, сказаў Русакоў.

З пятніцы па нядзелю валанцёры Чырвонага Крыжа разам з прадстаўнікамі дзяржорганаў наведалі больш за 160 бяздомных, якім была выдадзеная цёплая вопратка, харчаванне на тыдзень, некаторыя бяздомныя былі размешчаныя ў пунктах часовага знаходжання ці бальніцах. Сур'ёзных выпадкаў абмаражэння ў людзей, якіх наведвалі валанцёры, не выяўлена, хоць аднаго чалавека ўсё ж даставілі ў медыцынскую ўстанову. «Застаецца праблема, звязаная з тым, што людзі саромеюцца звяртацца ў медыцынскія ўстановы з-за свайго знешняга выгляду», — адзначыў Русакоў.

За чатыры дні валанцёры дапамаглі 120 вадзіцелям, чые машыны заглухлі на дарогах. У цэлым, паводле слоў прадстаўніка БТЧК, перыяд маразоў прайшоў больш спакойна, чым звычайна. «Тая праца, якую правялі і мы, і МНС, і дзяржорганы, дала свой вынік. У першую чаргу гэта бачна па вадзіцелях, таму што яны сапраўды выбралі варыянт не выязджаць, — многія машыны засталіся ў дварах, у нас працы было значна менш, чым звычайна. Што да насельніцтва ў цэлым, то з вопыту можна сказаць, што нават у калядныя святы многія пабаяліся ісці [у царкву]. У нас у пунктах абагрэву ў начны перыяд падчас усяночнай народу было няшмат», — сказаў Русакоў.

У некаторых сітуацыях, паводле яго слоў, людзей было шмат і ў мабільных палатках, напрыклад у вёсцы Барань Барысаўскага раёна, дзе 8 студзеня праходзіла развітанне з забітай у мінулую пятніцу ігуменняй манастыра. У вёсцы працавалі палаткі абагрэву Чырвонага крыжа і МНС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?