Кампанія Waymo, якая займаецца распрацоўкай беспілотнага аўтамабіля для Google, пры канцы студзеня пачне першыя публічныя выпрабаванні свайго мінівэна. Выканаўчы дырэктар Waymo Джон Краўчык (John Krafcik) паведаміў, што першыя тэсты адбудуцца ў Каліфорніі і Арызоне.

Беспілотнік Waymo, зроблены на базе аўтамабіля Chrysler Pacifica, быў упершыню прэзентаваны на Дэтройцкай міжнароднай аўтавыставе.

Кампанія Waymo была фармальна заснавана і вылучана з падраздзялення Google у асобную арганізацыю 13 снежня 2016 года. Waymo плануе працягваць распрацоўку беспілотных аўтамабіляў, а свае вынікі будзе прапаноўваць буйным вытворцам аўтамабіляў.

Джон Краўчык адзначыў, што яны значна знізілі кошт асноўных кампанентаў сістэмы і палепшылі бяспечнасць аўтапілота. Чакаецца, што да мая Google Waymo праедзе на тэст-драйвах каля 4,8 млн кіламетраў.

Ужо цяпер цана радара, камер, дальнамера і іншых камплектуючых знізілася з першапачатковых 75 тысяч даляраў больш чым на 90%. Краўчык дадаў, што Google стварыла новыя лазерныя дальнамеры, якія дазваляюць бачыць людзей і невялікія прадметы, якія знаходзяцца як каля аўтамабіля, так і на вялікай адлегласці ад яго.

У найбліжэйшыя месяцы стане зразумела, ці сапраўды мінівэн Google Waymo стане прарывам у праектаванні беспілотных аўтамабіляў і будзе першым паўнавартасным інтэграваным рашэннем, якое мы пабачым на рынку.

Шматлікія эксперты папярэджваюць, што чакаць цалкам беспілотных аўтамабіляў на дарогах у найбліжэйшы час не варта.

Напрыклад, у кампаніі Ford, якая з’яўляецца адным з лідараў у беспілотных тэхналогіях, чакаюць, што цалкам беспілотныя аўтамабілі з’явяцца не раней за 2021 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?