Рэдакцыя часопіса «Культура, Нацыя» шчыра віншуе чытачоў «Нашай Нівы» з Новым 2017 годам і зычыць усім добрага здароў'я, любові, поспехаў у справах, удачы, дабрабыту сем'ям.

Часопіс пачынаецца тэкстам «Стратэгіі развіцця беларускай нацыі», абмеркаванне якой доўжыцца амаль поўны год. Праект «Стратэгіі развіцця беларускай нацыі», у першапачатковай распрацоўцы якога бралі ўдзел А. Анісім, А. Кашо, П. Мурзёнак, А. Трусаў, І. Шумская, упершыню быў апублікаваны на старонках часопіса «Культура, Нацыя» 6 лютага 2016 года, а таксама ў газеце «Наша Ніва» (7 лютага), газеце «Новы час», на вэб-сайтах Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», Таварыства беларускай мовы, «Мы — нацыя», «Наша зямля», «Пагоня» (Чэхія), Belarus News. Праект абмяркоўваўся беларускай рэдакцыяй Польскага радыё (27 лютага 2016 года) і на «Белсаце» (12 сакавіка 2016 года). Рэдакцыя часопіса выказвае шчырую ўдзячнасць сп. А. Астроўскаму, сп. М. Кеньку, сп. В. Станішэўскаму, сп. В. Шышко, сп. В. Якавенку за крытычныя заўвагі, дапаўненні і праўкі па стылі і мове дакумента.

Прапанаваны дакумент Стратэгіі адкрыты для далейшай дыскусіі. Калі ласка, свае каментары і заўвагі дасылайце на адрас: [email protected]. Рэдакцыя часопіса просіць арганізацыі, якія ў асноўным згодны з палажэннямі Стратэгіі, далучацца да выканання яе задач. На сёння, да выканання задач Стратэгіі далучыліся наступныя арганізацыі: часопіс «Культура, Нацыя», Таварыства беларускай мовы.

У працяг дыскусіі па «Стратэгіі развіцця беларускай нацыі» ў 16-м нумары размешчаны два артыкулы П. Мурзёнка, прысвечаныя абгрунтаванню аднаго з ключавых момантаў у рэалізацыі Стратэгіі — нейтральнасці Беларусі. Першы артыкул асвятляе гістарычныя аспекты праблемы нейтральнасці (у асноўным для еўрапейскіх краін) на працягу апошніх стагоддзяў. Другі артыкул цалкам тычыцца праблем нейтральнасці, якія могуць мець дачыненне да набыцця такога стану Беларуссю.

Стан нейтральнасці, набыты з падтрымкай грамадства праз рэферэндум, можа забяспечыць прававыя і маральныя падставы для выйсця краіны з агрэсіўных ваенных блокаў і недалучэння да іншых і ў той жа час адкрые шлях да ўступлення ў глабальную сістэму(ы) калектыўнай бяспекі. Па сітуацыі, якая складываецца на цяперашні час, прыняцце стану нейтральнасці на рэферэндуме можа стацца адзіным магчымым крокам, каб вырвацца з каланіяльнай залежнасці ад Расіі. Нейтральнасць\узброеная нейтральнасць для Беларусі грунтуецца на міралюбівым настроі беларускага насельніцтва, на юрыдычнай норме аб імкненні быць нейтральнай дзяржавай (Канстытуцыя РБ, Арт. 18), на сяброўстве ў Руху недалучэння і ААН, на рознанакіраванасці беларускай эканомікі, і на прыкладах іншых краін, якія хочуць вызваліцца з-пад ціску вялікіх краін.

У гэтым годзе споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча. У азначэнне гэтай падзеі часопіс «Культура, Нацыя» друкуе падборку матэрыялаў, дасланых беларускім паэтам, перакладчыкам і празаікам сп. С. Панізьнікам. У гэтую цікавую і багатую падборку ўвайшлі нататкі аўтара «Спыняюцца імгненні» пра «сустрэчу» з паэтам у Ялце, два вершы, прысвечаныя М. Багдановічу — «Зарок Максіму» і «На прыберагу Гурона», пераклад верша ўкраінскага паэта Міколы Пятрэнкі «Сонца над песняю М. Багдановіча», своеасаблівая справаздача сп. С. Панізьніка ў азначэнне 125-годдзя з дня нараджэння творцы «Пад кронай надзеі», а таксама архіўны артыкул К. Езавітава «Ненадрукаваныя творы Максіма Багдановіча» (з часопіса «Новы Шлях», № 1, 1944, Рыга).

Юбілейнай даце прысвечаны артыкул Ніны Дэбольскай, у якім яна дзеліцца сваім досведам у перакладзе вершаў Максіма Багдановіча на французскую мову.

Сп. С. Панізьнік даслаў у часопіс артыкул, прысвечаны яшчэ адной значнай юбілейнай даце ў гісторыі развіцця беларускай нацыі — 90-годдзю з дня адкрыцця Акадэмічнай канферэнцыі па пытаннях рэформы беларускага правапісу і азбукі.

Прыемнага чытання.

Рэдактар часопіса,
Пётра Мурзёнак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0