Тэма небяспекі «мяккай беларусізацыі» не сыходзіць са старонак расійскіх СМІ. Аднак упершыню гаворка заводзіцца пра «ваенныя рашэнні», якія «ёсць у запасе ў Расіі».
Аўтар чарговага матэрыяла — нейкі Раман Раманаў з сумнавядомага Lifenews (цяпер — Life). Ягоны артыкул называецца «Уцёкі апошняга дыктатара».
«Сёння ўсё, што адбываецца, хутчэй сімптом узмоцненай імавернасці развіцця ў Беларусі своеасаблівага варыянту «ўкраінскага сцэнара». Іншымі словамі, Бацька задумаў уцёкі. Мяркуючы па ўсім, Аляксандр Лукашэнка ўбачыў магчымасць пазбавіцца ад іміджу «апошняга дыктатара Еўропы», палепшыць адносіны з Захадам і аслабіць расійскі ўплыў на сваю краіну. Вось ужо некалькі гадоў ён метадычна дзейнічае менавіта ў гэтым кірунку», — папярэджвае аўтар.
Life прыводзіць некалькі прыкладаў мяккай беларусізацыі, небяспечнай для беларуска-расійскіх адносінаў. Гэта выступ Лукашэнкі па-беларуску ў 2014 годзе, анансаванае павелічэнне колькасці беларускай мовы ў школах, павелічэнне прысутнасці беларускай мовы на тэлебачанні і ў рэкламе, крымінальныя справы за непавагу да беларускай мовы, а таксама прапаганда вышыванак і талерантнае стаўленне да «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга.
Выснова аўтара простая. Лукашэнка спрабуе ўзяць ад Расіі як мага больш, а пасля пакінуць сферу расійскага ўплыву.
«І калі такія асцярогі верныя, варта прызнаць і іншы сумны факт: мы не ведаем, што рабіць з Беларуссю, калі яна і праўда возьме курс на Захад. Відавочна, што ваенныя рашэнні ў запасе ёсць, але вось рашэнняў, звязаных з «мяккай сілай», не назіраецца. Што мы можам супрацьпаставіць «мяккай беларусізацыі»? Вось над чым трэба думаць», — падсумоўвае Раман Раманаў.