У сярэдзіне снежня на пасяджэнні Федэральнай камісіі па пытаннях сувязі (FCC) дарадцы новаабранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа выказаліся за скасаванне правіл «сеткавага нейтралітэту», якія былі распрацаваныя адміністрацыяй Абамы.

Адзін з сяброў камісіі Аджыт Паі сказаў, што дні сеткавага нейтралітэту злічаны.

Разбяромся з тым, што гэта такое і як адмена сеткавага нейтралітэту адаб’ецца на нас.

Сеткавы нейтралітэт — прынцып рэгулявання правайдараў сувязі, які забараняе дыскрымінацыю імі якога-небудзь кантэнту, дадатку, сайта, платформ і сэрвісаў. Гэта значыць, што не важна, як вы выкарыстоўваеце свой інтэрнэт-трафік (на анлайн-гульні, прагляд відэа, размову праз Viber ці проста чытаеце навіны), у любым выпадку розныя віды трафіку будуць мець аднолькавую хуткасць і тарыфікацыю.

А вось калі мабільныя аператары ў некаторых краінах спрабуюць ліцэнзаваць асобныя сэрвісы альбо па-рознаму тарыфікаваць доступ на розныя сайты, то гэта з’яўляецца адыходам ад прынцыпу сеткавага нейтралітэту.

Абаронцы сеткавага нейтралітэту мяркуюць, што дадзены прынцып спрыяе інавацыям, падтрымлівае свабоду слова і самавыяўлення, а таксама абараняе правы спажыўцоў IT-паслуг.

Гучыць добра, але на практыцы прынцып мае істотную супярэчнасць: дзеля свабоды адной індустрыі чыноўнікі абмяжоўваюць свабоду іншай. Сеткавы нейтралітэт фактычна з’яўляецца формай рэгуляцыі, якая абмяжоўвае дзейнасць тэлекамунікацыйных кампаній.

У асноўным сеткавы нейтралітэт падтрымліваецца буйнымі пастаўшчыкамі інтэрнэт-кантэнту (Google, Yahoo, eBay), групамі абароны правоў спажыўцоў, левымі і ліберальнымі палітычнымі коламі. У сваю чаргу супраць гэтай канцэпцыі выступаюць буйныя тэлекамунікацыйныя кампаніі, вытворцы сеткавага абсталявання і лабісты рынкавых свабод.

Таксама сярод праціўнікаў сеткавага нейтралітэту большасць рэспубліканцаў, якія ўспрымаюць дадзеную канцэпцыю як форму рэгуляцыі.

Супраць сеткавага нейтралітэту выступаюць і сябры-рэспубліканцы з камісіі FCC. У дадзены момант у камісіі FCC два рэспубліканцы і тры дэмакраты. Але сябры камісіі прызначаюцца прэзідэнтам ЗША, таму можна чакаць, што сітуацыя ў хуткім часе зменіцца на карысць рэспубліканцаў.

Але нягледзячы на прынятыя пры адміністрацыі Абамы правілы сеткавага нейтралітэту, жорстка яны ніколі не выконваліся. Бяссілле рэгулятара ўжо не раз было праверана на практыцы, калі кампанія AT&T паспяхова пазбегла пакарання за блакаванне сэрвісу Facetime праз мабільную сувязь.

Падобная сітуацыя склалася і ў Канадзе, дзе, нягледзячы на існаванне правіл сеткавай нейтральнасці, не існуе ніякага механізму прымусу кампаній да іх выканання.

У кастрычніку 2015 года Еўракамісія прыняла большасцю галасоў пагадненне пра адзіныя для ўсяго ЕС прынцыпы сеткавага нейтралітэту. Дэпутаты Еўрапарламента сцвярджаюць, што прынятыя правілы робяць Еўропу «адзіным у свеце рэгіёнам, у якім на заканадаўчым узроўні гарантуюцца прынцыпы адкрытага інтэрнэту».

У Паўднёвай Карэі сітуацыя іншая. Аператары аб’явілі вайну VoIP-сэрвісам: ад поўнай блакіроўкі — да дадатковай тарыфікацыі трафіку.

Беларускія аператары не блакуюць трафік месэнджараў, але яны маюць спецыяльныя пакеты для размоў у месэнджарах і сацыяльных сетках. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?