11.01.2017 / 13:45

Мінгарвыканкам: Будаўніцтва «Газпром-цэнтра» закансерваванае з 22 снежня

Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу «Газпром-цэнтр» закансерваванае з 22 снежня 2016 года. Пра гэта паведаміў БелаПАН намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Мікалай Бутрым.

Паводле яго слоў, дакумент аб кансервацыі аб`екта падпісаў генеральны дырэктар ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» Уладзімір Маёраў.

Работы па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу практычна не вядуцца з канца жніўня. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, асноўнай прычынай прыпынення стала скарачэнне фінансавання праекта з боку ААТ «Газпром» з-за газавай спрэчкі паміж Беларуссю і Расіяй. «Яны (расіяне) спрабавалі нам неафіцыйна намякнуць, што грошы, якія мы павінны плаціць Расіі за газ, гэта і ёсць тыя грошы, за якія будуецца гэты аб`ект. І калі мы перастаем плаціць, то аўтаматам перастае фінансавацца гэтая будоўля», — растлумачыла БелаПАН у снежні інфармаваная крыніца.

Сёння гэтую інфармацыю пацвердзіла іншая кампетэнтная крыніца. Паводле яе слоў, будаўніцтва комплексу будзе адноўленае пасля таго, як Беларусь разлічыцца з Расіяй па даўгах за газ, якія перавышаюць 400 млн долараў. «Грошы могуць з`явіцца, калі будзе вырашаны газавы канфлікт», — сказаў ён.

Іншай прычынай кансервацыі будаўніцтва «Газпром-цэнтра» называліся тэхнічныя праблемы.

Бутрым гэта пацвердзіў. «Аб`ект падзяляецца на дзевяць пускавых комплексаў, адзін з пускавых комплексаў — вышынная частка. Вось па вышыннай частцы вядуцца новыя разлікі», — паведаміў намеснік кіраўніка камітэта будаўніцтва і інвестыцый гарвыканкама. З-за таго што будынак вельмі высокі (189 метраў), з часам ён будзе прасядаць, таму зараз разглядаюцца варыянты ўмацавання падмурка альбо зніжэння вышыннасці будынка, растлумачыў Бутрым.

Кампанія «Газпром трансгаз Беларусь» сітуацыю не каментуе.