Тры партыі ў ісландскім парламенце аб'ядналіся ў кааліцыю. Партыя незалежнасці, «Адраджэнне» і «Светлая будучыня» сфарміруюць урад. На траіх у гэтых партый 32 з 63 месцаў у парламенце. Гэтага ледзь хапае для кааліцыі.

Партыя «Адраджэнне» пасля выбараў адмаўлялася ўступаць у кааліцыю з Партыяй незалежнасці. Як адзначае Iceland Magazine, дзіўна выглядае і рашэнне лідара «Светлай будучыні», былога рок-музыканта Оўтара Прап'е. Ён родам з «Лепшай партыі», якая выйграла ў 2010 годзе выбары ў парламент Рэйк'явіка. Гэтая партыя пазбягала улады і заваявала перамогу на супрацьпастаўленні эліце.

Партыі больш за два месяцы дамаўляліся аб кааліцыі. Ісландцы выбралі парламент 29 кастрычніка 2016 года. Дэпутатамі сталі прадстаўнікі сямі партый. Галасы выбаршчыкаў размеркаваліся так, што ў кааліцыю павінны ўвайсці не менш за тры палітычныя сілы. Дэпутатаў левых партый не хапіла для стварэння ўрада.

Пірацкая партыя, якая заняла другое месца, у выніку засталася ў апазіцыі.

Прэм'ер-міністрам Ісландыі стане лідар Партыі незалежнасці Б'ярні Бенедыктсан. У мінулым урадзе ён быў міністрам фінансаў. У красавіку 2016 года з «Панамскага архіва» стала вядома, што раней палітык валодаў доляй у афшорнай кампаніі, і яна не была задэкларавана. Бенедыктсан адмовіўся сысці ў адстаўку. Як паказвалі апытанні таго часу, дзве траціны ісландцаў хацелі звальнення палітыка.

Новы ўрад папросіць парламент прагаласаваць за правядзенне рэферэндуму аб уступленні ў ЕС. Партыя незалежнасці супраць далучэння; яе калегі па кааліцыі — за.

Ісландыя — адзіная краіна ў свеце, дзе моцная Пірацкая партыя. У яе дзесяць месцаў у парламенце. «Піраты» выступаюць за новую канстытуцыю, якую павінны скласці самі грамадзяне, легалізацыю наркотыкаў і парнаграфіі. Яшчэ яны маюць намер дамагчыся прытулку для Эдварда Сноўдэна. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?