Цэнтральны апарат Следчага камітэта расследуе крымінальную справу ў дачыненні да двух жыхароў Полацка і Наваполацка. Іх падазраюць у забойстве непаўналетняй дзяўчыны ў 2012 годзе, а таксама згвалтаваннях і крадзяжах. Падрабязнасці паведамляе прэс-служба СК.

Удваіх ці ў адзіночку мужчыны знаёміліся з дзяўчатамі праз інтэрнэт або на вуліцах горада. А пасля прапаноўвалі працягнуць знаёмства і частавалі напоямі (спіртнымі і безалкагольнымі), куды ўжо было падмяшана снатворнае.

«Пасля таго, як ахвяры прыходзілі ў непрытомны стан, мужчыны здзяйснялі з імі дзеянні сэксуальнага характару і (або) выкрадалі матэрыяльныя каштоўнасці і іншую маёмасць», - паведамляе Галоўнае следчае ўпраўленне Цэнтральнага апарата СК.

Акрамя таго, фігурантаў падазраюць у забойстве непаўналетняй дзяўчыны ў 2012 годзе.

Вядома, што затрыманыя — мужчыны сярэдніх гадоў. Цяпер яны змешчаны пад варту, з імі працуюць следчыя. Ёсць падставы меркаваць, што падазраваныя датычныя да цэлай серыі злачынстваў з такімі абставінамі.

Устаноўлены эпізоды на тэрыторыі Віцебскай вобласці (у прыватнасці, Наваполацку і Полацку), а таксама Мінскай вобласці ў перыяд з 2008 па 2017 год. Але пацярпелых можа быць больш.

Следства просіць грамадзян, якія валодаюць якой-небудзь інфармацыяй аб падобных злачынствах, паведаміць пра гэта па тэлефонах: 8 (017) 389-50-02, 389-52-95, 8 (0212) 60-86-82, 8 (029) 699-01-49, 8 (029) 711-35-82.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0