Штука ў тым, што вы ўсе бясспрэчна пераможаце некалі: тыя, якія такалі, і тыя, якія некалі, у сцягах і штандарах, у сваіх сталіных, леніных, берыях, праўда, іншым часам, у іншых імперыях, у іншых ліберыях, але вы пройдзеце па свеце калонамі ў гваздзіках і палаючых астрах, у нестарэючых брэжневых, у маладзеючых кастра, і будуць аркестры йсці, і камсамольцы мкнуць кузавамі, і я хацеў бы, калі можна, следам ісці за вамі, ісці і слухаць «вікторыя» і «я так рады, ты рада?», ісці за вамі, каб бачыць канец параду, і як вы скінеце бутафорскія кайданы і спяеце «эй, ухнем» і пойдзеце па дамах, цягнучы перамогі на кухні, і я за кожным так бы хацеў бясконца бадзяцца следам, каб бачыць, як пераможцы заснуць пад драным і тонкім пледам, і як вы прачнецеся заўтра і працягнеце рукі свае па воды, і як вы ўстанеце з ложкаў і пойдзеце падымаць заводы, і як на заводах вы будзеце ліць сталь і шкло выдзімаць у трубах: за годам год і ператварацца ў бяззубых, бязвокіх і чарнагубых, пахілых, пабляклых пісараў скаргаў, чакальнікаў даляглядаў, і як вы ссушаныя астры па святах будзеце даставаць з шуфлядаў, і плакаць, узгадваючы свае баявыя гімны, не памяняўшы падраны і тонкі плед на новы зімні, я так хацеў бы заспець, адчуць і атрымаць асалоду, убачыўшы, як вы перамаглі кайданы, — уклаўшы сябе ў калоду, паўстаньце ж першы з першай, з другім другая, не спіце, перамагайце. Перамагае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0