У апошні дзень 2016 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 515, якім рэгламентаваў парадак прыцягнення працаўнікоў для будаўніцтва і эксплуатацыі Беларускай атамнай электрастанцыі (БелАЭС). У прыватнасці, гаворка ідзе аб абавязковай праверцы спецслужбамі персаналу, які цяпер працуе на ўзвядзенні станцыі альбо будзе на ёй працаваць пасля запуску, піша tut.by. 

Дакументам устаноўлена, што органамі дзяржбяспекі Беларусі праводзяцца праверачныя мерапрыемствы ў дачыненні да замежных работнікаў, а таксама замежных грамадзян, якія прэтэндуюць на заняцце пасад, і работнікаў падрадных арганізацый, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве БелАЭС), «на прадмет выяўлення звестак аб магчымасці прычынення названымі асобамі шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь».

Праверачныя мерапрыемствы праводзяцца з пісьмовай згоды персаналу. Але ёсць адрозненні паміж рэакцыямі спецслужбаў на адмову ад такіх дзеянняў замежнікамі і падрадчыкамі.

«Нязгоду замежнага работніка або кандыдата на пасаду з правядзеннем у дачыненні да іх праверачных мерапрыемстваў або выяўленне па выніках такіх мерапрыемстваў звестак аб магчымасці прычынення названымі асобамі шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца падставамі для адмовы ў прызначэнні кандыдата на пасаду альбо вызвалення замежнага работніка ад займанай пасады», — сказана ва ўказе.

Нязгода супрацоўніка падраднай арганізацыі цягне адмову спецслужбаў «ва ўзгадненні допуску гэтага работніка на пляцоўку будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі і для выканання работ (аказання паслуг) на працягу гарантыйнага тэрміну эксплуатацыі дадзенай электрастанцыі».

Падрадчыкі абавязаныя прадстаўляць дзяржпрадпрыемству «Беларуская атамная электрастанцыя» звесткі аб работніках, неабходныя для правядзення ў дачыненні да іх праверачных мерапрыемстваў.

Дакументам таксама ўстаноўлена, што замежныя падрадныя арганізацыі не падлягаюць прыцягненню да адказнасці, прадугледжанай заканадаўчымі актамі Беларусі, за прыцягненне ў перыяд з 15 ліпеня 2016 года да ўступлення ў сілу гэтага указа замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія не маюць дазволаў на пастаяннае пражыванне ў Беларусі, для ажыццяўлення ў краіне працоўнай дзейнасці, звязанай з выкананнем будаўнічых і іншых работ па будаўніцтве БелАЭС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0