AP

AP

Былы супрацоўнік брытанскай разведкі Крыстафер Стыл, якога лічаць аўтарам апублікаванага нядаўна дакумента аб кампрамаце ў Расіі на абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, залёг на дно.

Па дадзеных Бі-бі-сі, Стыл з'ехаў са свайго дома ў аўторак ці ў сераду, яшчэ да таго, як яго імя з'явілася ў прэсе. Перад ад'ездам ён папрасіў суседзяў паглядзець за яго кошкамі.

Карэспандэнт Бі-бі-сі Пол Вуд сцвярджае, што Стыл баяўся за сваё жыццё яшчэ ў кастрычніку мінулага года. Тады ж Вуд упершыню ўбачыў дакумент, які прыпісваюць Стылу, і заўважыў у ім істотныя недакладнасці.

Дакумент быў апублікаваны ў сераду на сайце BuzzFeed і адразу выклікаў шырокі рэзананс. У ім змяшчаюцца бяздоказныя сцвярджэнні, што ў Расіі ёсць кампрамат на абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Сайт папярэджваў чытачоў, што пацвердзіць або абвергнуць інфармацыю ў дакуменце не ўдалося, і што даклад змяшчае шматлікія памылкі. Тым не менш ён хутка разышоўся па іншых СМІ.

Выкладзеныя ў дакуменце звесткі назвалі хлуснёй і Трамп, і прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў. Акрамя таго, у яго сапраўднасці ўсумніліся прадстаўнікі сайта WikiLeaks, які, зрэшты, папракаюць у сімпатыях да Трампа, а таксама былыя разведчыкі.

Кіраўнік Нацыянальнай разведкі ЗША Джэймс Клэпер адзначыў, што амерыканскія спецслужбы не маюць дачынення да падрыхтоўкі даклада, дадаўшы, што ведаў пра яго існаванне, але не ўпэўнены ў праўдзівасці выкладзенай там інфармацыі.

У сваёй публікацыі BuzzFeed згадваў, што аўтарам дакумента лічаць былога супрацоўніка брытанскай разведкі, але яго імені не прыводзіў. Бі-бі-сі здолела высветліць, што хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра Крыстафера Стыла.

Па дадзеных Бі-бі-сі, Стыл перадаў дакумент незалежнай арганізацыі, якая спрабавала перашкодзіць абранню Трампа. Цяпер Стыл з'яўляецца дырэктарам Orbis Business Intelligence, якая называе сябе вядучай кампаніяй у галіне карпаратыўнай разведкі. Стыл не адказаў на просьбу аб каментары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?