Супрацоўнікамі 6-га ўпраўлення (па Брэсцкай вобласці) ГУБАЗіК МУС спынена дзейнасць злачыннай групы, якая арганізавала канал кантрабанднай пастаўкі з Украіны ў Беларусь боепрыпасаў і састаўных частак для агнястрэльнай зброі, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА са спасылкай на ўпраўленне.

У злачынную групу ўваходзілі тры жыхары Брэста, мужчыны 1988 і 1990 гадоў нараджэння, якія нідзе не працуюць. Яны займаліся збытам агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, наркатычных сродкаў і псіхатропаў. Падазраваныя затрыманыя на месцы злачынства 11 студзеня падчас збыту пнеўматычнага газабалонны пісталета, пераробленага саматужным спосабам у ручную наразную агнястрэльную зброю, прызначаную для стральбы пісталетнымі патронамі калібру 9 мм. Пры затрыманні таксама канфіскавана 56 пісталетных патронаў калібру 9х18ПМ і выбуховае рэчыва тратыл масай большай за 1 кг. Акрамя таго, канфіскавана 25 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва амфетамін.

Адзначаецца таксама, што падчас вобыскаў у падазраваных канфіскавана больш за 100 патронаў рознага калібру часоў Вялікай Айчыннай вайны, порах, боепрыпасы да ручнога супрацьтанкавага гранатамёта, узрыўпакеты і гукавыя ракеты, якія змяшчаюць у сваім складзе выбуховыя рэчывы, складовыя часткі да агнястрэльнай зброі, металічныя нарыхтоўкі для ручак -пісталетаў пад малакаліберны патрон, паражаючыя элементы для выкарыстання ў самаробным выбуховым прыстасаванні, прылады для вырабу наразных ствалоў да агнястрэльнай зброі, амфетамін, а таксама літаратура, што прапагандуе сатанізм, і дапаможнік па працы з хімічнымі рэчывамі.

«Падазраваныя з'яўляюцца прыхільнікамі паганскага руху «Белы фронт» і «Славянскае адраджэнне», прыхільнікамі ўкраінскага экстрэмісцкага руху «Правы сектар» [цытата МУС — НН]. Адзін з удзельнікаў групы спавядаў і прапагандаваў радыкальную форму паганскага веравызнання «рускае наваслаўе» з элементамі сатанізму. Пры гэтым ён меў навыкі выбухатэхніка, сам вырабляў і выпрабоўваў самаробныя выбуховыя прылады. Мужчына эпізадычна ўжываў псіхатропныя рэчывы і марыхуану», — паведамілі праваахоўнікі.

Па гэтых фактах Следчым камітэтам распачаты справы па ч. 3 арт. 295 КК (незаконны абарот зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў групай асоб) і ч. 3 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0