У сталіцы пачаліся масавыя допыты насельніцтва. Міліцыя мяркуе апытаць усіх жыхароў гораду шляхам пакватэрнага абыходу.

У працы бяруць удзел супрацоўнікі МУС розных падразьдзяленьняў, у тым ліку курсанты навучальных устаноў МУС.

Людзі ў міліцэйскай форме, у званьнях ад шарагоўца да прапаршчыка, па два ажыцьцяўляюць пакватэрнае апытаньне ўсіх жыхароў у сувязі з выбухам.

Супрацоўнікі міліцыі правяраюць дакумэнты жыхароў кватэр і цікавяцца тым, дзе яны былі і чым займаліся ў ноч на 4 ліпеня, а мужчын апытваюць, ці праходзілі яны службы ва Ўзброеных сілах, і калі так, то дзе служылі і да якога роду войск адносіліся.

Супрацоўнікаў МУС асабліва цікавіла, ці прымалі апытаныя жыхары ўдзел у баявых дзеяньнях і ці прысутнічалі ў зонах лякальных канфліктаў.

Тых асобаў, якія сьцьвярджальна адказвалі хаця б на адно пытаньне, папярэджвалі, каб яны былі гатовыя да таго, што супрацоўнікі сьледчых органаў МУС зь імі яшчэ раз скантактуюцца.

Масавыя апытаньні мяркуюць скончыць за тыдзень.

Цяжка зразумець, што можа даць апытаньне амаль двух мільёнаў жыхароў сталіцы для канкрэтнага сьледзтва ў справе выбухаў, акрамя блытаніны і безьлічы памылковых сьлядоў. Гаворка ж не пра апытаньне сьведкаў ці жыхароў прылеглых дамоў. Усё гэта выглядае як тупая маштабная акцыя запалохваньня. Можна чакаць, што яна таксама падштурхне людзей да зьвядзеньня рахункаў з суседзямі і іншых інцыдэнтаў. Таксама варта чакаць па яе выніках новых нематываваных затрыманьняў людзей, супраць якіх няма ніякіх канкрэтных доказаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?