13.01.2017 / 16:36

На 19 скрыжаваннях Мінска з'явяцца відэадэтэктары дарожнага руху

Відэадэтэктары дарожнага руху ўстановяць на 19 скрыжаваннях Мінска, паведаміў сёння на пасяджэнні рабочай групы па пытаннях утрымання і добраўпарадкавання сталіцы дырэктар КУП «Спецыялізаванае мантажна-эксплуатацыйнае прадпрыемства Мінгарвыканкама» Мікалай Драневіч.

«У снежні 2016 года пачаты будаўніча-мантажныя работы па першай чарзе будаўніцтва адзінай сістэмы відэанагляду. Яны прадугледжваюць устаноўку відэадэтэктараў на сямі святлафорных аб'ектах па праспекце Машэрава ад вуліцы Казлова да вуліцы Даўмана. Усяго прадугледжана ўстаноўка такіх тэхнічных сродкаў на 19 сталічных скрыжаваннях. Цяпер іх мантаж вядзецца на сямі святлафорных аб'ектах, тры з якіх будуць падключаны да цэнтра кіравання перавозкамі ў студзені», — расказаў Мікалай Драневіч.

Тэхнічная навінка дасць магчымасць пашырыць кантроль за дарожным рухам, павялічыць прапускную здольнасць праспекта Машэрава, а таксама павысіць бяспеку і аптымізаваць рух транспартных патокаў. Немалаважна, што відэадэтэктары стануць дзейснымі памочнікамі ў аператыўным рэагаванні на пазаштатныя сітуацыі і ДТЗ, якія ўзнікаюць. Аператарам аўтаматызаванай сістэмы кіравання дарожным рухам будзе даступна назіранне за дарожнай абстаноўкай у рэжыме анлайн. Пры неабходнасці можна будзе ўручную пераключаць сігналы святлафора ў выпадку вялікай колькасці транспарту або пешаходаў.

На балансе спецыялізаванага мантажна-эксплуатацыйнага прадпрыемства Мінгарвыканкама знаходзіцца 711 святлафорных аб'ектаў, 414 падключаны да аўтаматызаванай сістэмы кіравання дарожным рухам. Мікалай Драневіч адзначыў, што ў 2017 годзе прадпрыемства прадоўжыць работу па замене ў Мінску лямпавых святлафораў на святлодыёдныя, устаноўку новых інфармацыйных табло сэнсарнага тыпу. Да вясны будуць падрыхтаваны 15 комплексаў для выканання работ па нанясенні дарожнай разметкі фарбай і 4 комплексы па нанясенні тэрмапластыку.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру