На мітынгу ў савецкім стылі ўспамінаюць раптам «абаронцаў Каложы», прычым зь іхнімі жонкамі — паплечніцамі па барацьбе супраць неназванага ворага, адразу пераскокваючы на савецкіх пагранцоў, якія, так бы казаць, перанялі ад іх эстафэту, каб абараніць горад і «затрымалі навалу фашыстаў». З аднаго боку, абаранялі яны дзяржмяжу СССР, а ня Горадню непасрэдна, з другога, ніякай навалы не затрымалі й не маглі затрымаць, што ўсім добра вядома.

Каложа, канешне, была храмам абарончага тыпу. Але хіба можна параўноўваць па памерах і вайсковым значэньні наш замак і невялікую царкву? Дзіўна. Што датычыць савецкіх памежнікаў, застава была толькі на поўначы Гарадзенскага раёну за Нёманам — на Аўгустоўскім канале, іншыя — далёка ў Польшчы. Гэта сёньня існуе Гарадзенскі памежны атрад, а тады былі — Аўгустоўскі ды Ломжынскі. Усе сёньня ўспрымаюць мяжу сёньняшнюю як тую, што існавала кароткі час да вайны.

Не кажу ўжо пра нашых рускіх братоў, якія ў далёкія царскія часы вынішчалі Горадню, і ад якіх было не адбараніцца, хаця гарадзенцы й спрабавалі. Пра гэта, ясна, успамінаць нельга на мітынгах. Да слова: мясцовыя гісторыкі апошнім часам шмат зрабілі для вывучэньня гісторыі «гарадзенскай крэпасьці» — фартоў вакол гораду, пабудаваных напярэдадні Першай Сусьветнай вайны. Іхняя роля ў гарадзенскай абароне была непараўнаўча большай за ролю савецкай пагранзаставы. Зрэшты, вынік быў аднолькавы.

Эклектыка колішні абкам у замку, першыя сакратары, якія траплялі на працу цераз дзівам захаваную каралеўскую браму са сфінксамі. Эклектыка чырвоныя сьцягі на саборы ў савецкі час на 7 лістапада. Эклектыка кароўнікі ў замках , угнаеньні ў цэрквах. Эклектыка савецкія зоркі ў навершы цяперашніх сьцягоў, нават калі яны з аленем сьвятога Губэрта, ці з большай жывёлінай пад каралеўскай каронай — на самым новым — абласным сьцягу. Выразная эклектыка нават цяперашнія абразы ў нашым саборы, на якіх чэкісты, чырвонаармейцы, энкавэдысты арыштоўваюць і расстрэльваюць праваслаўных сьвятароў і манахаў. Старая сінагога, якая бадай набыла выгляд дома купца Мураўёва ў стылі мадэрн.

А пасьля эклектычнага мітынгу падумалася міжволі: добра хоць гарадзенцаў ня страшаць абавязкам пакласьціся пад міфічныя танкі, каб абараніць на мяжы з Польшчай даражэйшую ад беларускага жыцьця Маскву, пра што можна рэгулярна пачуць з «яшчыка», які настроены на горад‑гярой на Нямізе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?