Міністэрства эканомікі зацікаўлена ў больш актыўнай самаарганізацыі бізнесу і выказвае гатоўнасць слухаць любыя прапановы бізнесу, нават самыя радыкальныя.

Пра гэта заявіў намеснік дырэктара дэпартамента па прадпрымальніцтве Мінэканомікі Аляксандр Каліноўскі 16 студзеня на пасяджэнні круглага стала ў рамках праекта «Публічна-прыватны дыялог» праграмы Усходняга партнёрства EastInvest II.

Паводле яго слоў, дакладна не вядома, колькі прадстаўнікоў бізнесу ў Беларусі ўваходзіць у прадпрымальніцкія саюзы. «Важнае пытанне, якое турбуе Мінэканомікі, — гэта членства бізнесу ў асацыяцыях і саюзах. На жаль, сёння не існуе дакладных статыстычных дадзеных аб тым, якая колькасць суб`ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ўваходзіць у такога роду арганізацыі. Згодна з рознымі выбарачнымі даследаваннямі, гэтая лічба вагаецца у дыяпазоне ад 5 да 15% [ад іх агульнай колькасці]. Гэта няшмат», — адзначыў Каліноўскі.

Прадстаўнік міністэрства падкрэсліў, што для эфектыўнага дыялогу бізнесу і ўлады неабходна павышаць ахоп і прадстаўніцтва бізнесменаў у дзелавых саюзах. «Мы гатовыя сёння слухаць любыя прапановы, любыя рашэнні — нават самыя радыкальныя. Усім вядома, што ў шэрагу краін Еўрапейскага саюза заканадаўча ўведзена абавязковае членства прадпрымальнікаў у бізнес-асацыяцыях. Такія варыянты мы таксама гатовыя разглядаць, калі будуць такія прапановы, чаму б і не. Але ў гэтым пытанні мы не хочам прымаць паспешных рашэнняў, будзем працаваць выключна ва ўзаемадзеянні з саюзамі і асацыяцыямі», — удакладніў ён.

Пры гэтым Каліноўскі падкрэсліў, што міністэрства разглядае бізнес-асацыяцыі, якія працуюць у краіне, як важнае звяно пры падрыхтоўцы дзяржаўных рашэнняў. Чыноўнік удакладніў, што важнасць такога ўзаемадзеяння ўзрасце пасля планаванага ўвядзення ў 2017 годзе механізму ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння праектаў нарматыўных актаў, якія тычацца прадпрымальніцкай дзейнасці. «Калі гэты механізм запрацуе, то аб`ём і нагрузка на бізнес-саюзы, на асобных членаў бізнес-супольнасці ўзрасце», — сказаў ён.

Намеснік дырэктара дэпартамента звярнуў увагу, што са свайго боку Мінэканомікі прапанавала ўзмацніць прадстаўніцтва бізнесу ў дзейных пры дзяржорганах грамадска-кансультатыўных саветах. У выніку ў кастрычніку мінулага года пастановай урада замацавана норма аб тым, што не менш за палову складу такіх саветаў павінны прадстаўляць прадпрымальнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?