На першы погляд, «Возера радасці» Віктара Марціновіча ўяўляе сабой панараму таго, чым жыве і што спажывае ў кавярнях сучасная моладзь. Тая, што туліцца па інтэрнатах з кухнямі на паверсе, у найманых кватэрах з абадранымі шпалерамі і спіць на матрацах з «палітычнай картай свету», намаляванай разлітым абсентам. Улічваючы той фактар, што ў кнізе замала гаджэтаў, героі ведаюць, як карыстацца бібліятэкай, уступаюць у рэальныя стасункі і збольшага вядуць размовы ў непасрэднай камунікацыі, а не праз тэхнічныя прылады, можна меркаваць, што гэтая кніга ўсё ж пра тых, каму зараз паміж трыццаццю і сарака.

Пры гэтым я схільная лічыць, што мэтавая аўдыторыя рамана — дваццацігадовыя, бо галоўная гераіня кнігі шукае на яе старонках адказы на пытанні, якія востра стаяць у гэтым узросце: адносіны з бацькамі, адукацыя, каханне, самавызначэнне, пошук сябе ў прафесіі і гэтак далей. Падазраю, што людзям старэйшым пэўную колькасць інфармацыі трэба будзе проста гугліць, каб зразумець рэаліі, пра якія вядзецца гаворка ў кнізе. Асабліва гэта датычыцца гастранамічных дзівосаў, рассмакаваных героямі ў кавярнях, рэстарацыях і клубах, бо кніга адназначна не пра капучына, ірландскую каву і нават не пра латэ. Хаця гугліць давядзецца ў любым выпадку, таму што не так шмат нават высокаадукаваных і прасунутых чытачоў, каторыя валодаюць менавіта тым міксам мемаў і ведаў, што і аўтар. І мне ўяўляецца, што раман з’яўляецца гіпертэкстам не толькі па ўнутранай структуры, але і па сваіх пазатэкставых сэнсавых сувязях, якія адлюстроўваюць багаты досвед аўтара як чытача, журналіста і мастацтвазнаўцы.

Пра такія кнігі прынята казаць, што яны напісаныя крывёю, але новы раман Віктара Марціновіча выклікае ў мяне асацыяцыю з аперацыяй на адкрытым сэрцы. Прычым уражанне такое, што аўтар робіць яе сам сабе. У першую чаргу такая асацыяцыя звязаная з галоўнай тэмай твора, якую я магла б вызначыць як безвыніковае імкненне да шчасця і ўладкаванасці ў свеце, дзе цябе няма каму любіць, бо маці памерла, а бацька цалкам адасабляецца ад цябе як ад непаразумення. Віктар Марціновіч застаецца верным сабе і ў ідэі твора, якая можа быць сфармуляваная наступным чынам: шчасце, поспех і дабрабыт магчымыя толькі ў дэмакратычнай краіне з пераемнасцю традыцыі і гісторыі. І тое пры ўмове, што ў цябе ёсць адпаведны страхавы поліс.

Шмат у чым неўладкаванасць, занядбанасць галоўнай гераіні Ясі ёсць не толькі вынікам жорсткасці бацькі, які пазбаўляе яе маці, пакідае дачку ў інтэрнаце ці, карыстаючыся сваёй уладай, высылае ў правінцыю, але і асабістым выбарам дзяўчыны. Пры гэтым аўтар настойліва праводзіць ідэю пра тое, што насамрэч ад Ясі вельмі мала залежыць: ні адукацыя, ні наяўнасць (прымусовай) працы не даюць ёй магчымасцяў пачувацца рэалізаванай ці ўладкаванай. Мы любім захапляцца гісторыямі пра заходніх мільянераў, якія ставяць сваіх дзяцей у такія ўмовы, калі нашчадкі павінныя самі прабівацца ў жыцці. На старонках рамана такое немагчыма, бо гераіня робіцца закладніцай сістэмы, дзе толькі сувязі бацькоў дазваляюць дзецям дасягнуць фінансавага і прафесійнага поспеху, калі гаварыць менавіта пра вялікі поспех. Камфортнае існаванне ў свеце вымагае наяўнасці пэўнай стартавай пляцоўкі: бацькоўскай любві, матэрыяльнай забяспечанасці і сістэмнага дабрабыту, а ў гісторыях персанажаў рамана які-небудзь з фактараў ды адсутнічае.

Трэба прызнаць, што вобразы персанажаў твора псіхалагічна вывераныя, завершаныя і адпавядаюць логіцы магчымага свету рамана. Некаторыя з гэтых персанажаў даволі фантастычныя, напрыклад, добрасардэчныя інтэлектуалы з каўказскай дыяспары Масквы, якія трымаюць начны клуб і замяняюць родную маці (заадно бацьку і мужа) дзяўчатам, што працуюць у іх на «кансумацыі». Адзін з іх, Рустэм, цытуе Ніцшэ і робіцца чалавекам, які ў бяздушнай Маскве бярэцца апекавацца няшчасным дзяўчом, што зімой грэе ногі ў кедах на каналізацыйным люку. Не буду сцвярджаць, што гэта немагчыма, бо некалі сама на Беларускім вакзале сустрэла братоў Брылёў (праўда, у банду яны мяне не паклікалі: магчыма, таму, што я была не ў кедах, стаяла не на люку, не мела пры сабе інструмента ды і ў прынцыпе не ўмею граць.) Як гаворыцца, «інакш кіна б не было».

Нейкія нечаканыя рысы характару, учынкі герояў падрыхтоўваюцца і абгрунтоўваюцца аўтарам у канве апавядання. Шчыра кажучы, пасля першага прачытання тэксту ў мяне былі сумневы наконт «выпісанасці» некаторых персанажаў. Напрыклад, мне падалося, што Ясіны заляцанні да прывіднага каханага-археолага («Скажы, ты, можа, чуў ці спрабаваў… Што такое каханне?») «выбіваюць» яе з вобраза і з’яўляюцца непраўдападобнымі, але ўважліва перачытаўшы гэты пасаж, я знайшла экспліцытныя тлумачэнні аўтара ў дачыненні да дзеянняў і выказванняў гераіні. Той факт, што Яся знікае і хаваецца ад каханага, замест таго каб адгукнуцца на ягонае запрашэнне наведаць лагер археолагаў, выклікаў рэспект і супакоіў, запэўніўшы мяне як чытача, што аўтар добра ведае жаночую псіхалогію і не сфальшывіў у гэтай песні пра каханне. Прызнаюся, час ад часу мне рабілася дзіўна, што кніга напісаная мужчынам: настолькі праўдзіва перададзены ў ёй выключна жаночы досвед, напрыклад, сцэна страты галоўнай гераіняй дзіцяці.

Што датычыцца галоўнай гераіні, то яна сама — нікому не патрэбнае, нелюбімае дзіця і застаецца ў гэтым вобразе праз увесь раман, не будучы ні адмоўным, ні станоўчым персанажам. Яся — гэта дзяўчынка, чыя душа згвалчаная безадказнымі паводзінамі блізкіх ёй дарослых людзей і таго безаблічнага мноства, якое трымціць перад уладай яе бацькі і яго грашыма. Пры гэтым праз сваю драматычную гісторыю Яся не ўспрымаецца як дзяўчынка з элітнага катэджнага пасёлка і нагадвае хутчэй правінцыйнае дзяўчо, якое ўсімі праўдамі і няпраўдамі прабіваецца ў сталіцы (сталіцах), спрабуючы хоць дзе-небудзь зачапіцца і выжываючы на адну сасіску ў дзень. Яся відавочна не інтэлектуалка, але і не пазбаўленая здаровага глузду. У яе чыстае сэрца, каторае не заплямлівае ні ўбогасць «першага кахання», ні абыякавасць бацькі, ні праца «матыльком» у маскоўскім клубе. Пацвярджае гэта і той факт, што калі бацьку арыштоўваюць, Яся не злараднічае, а кідаецца насіць яму ў турму перадачы. Хаця, можа быць, гэта проста яе спадзеў нарэшце зрабіцца для бацькі асаблівым чалавекам, якому да таго ж законам адзінаму дазволена мець да арыштанта дачыненне.

Бацька Ясі Сяргей Юр’евіч, здавалася б, закончаны зладзей, таксама паўстае напрыканцы рамана ў не зусім відавочным вобразе чалавека, які мае сэрца. Сведчаннем з’яўляецца тое, што ён, як мы можам меркаваць, выкупае канфіскаваную ў Ясі лямпу, з якой і ў яго, магчыма, звязаныя цёплыя ўспаміны пра Ясіну маці. Але зноў жа — Сяргей Юр’евіч трымае гэтую лямпу ў сваім патаемным пакоі — толькі для сябе, не ведаючы (альбо не жадаючы ведаць), якія пакуты перажывае яго дачка з нагоды страты гэтага дарагога ёй прадмета.

Адзіным бясспрэчна адмоўным, на маю думку, персанажам рамана ёсць інфантыл Косцік, прызначаны Ясяй на ролю першага мужчыны. Ні на што самастойна не здатны мамчын сынок з элітнага асяродку. Знешне падобны да выраджэнцаў Габсбургаў, Косцік намякае на сваё арыстакратычнае паходжанне і паводзіць сябе як гаспадар жыцця, адразу ж страчваючы фанабэрыю, калі на даляглядзе з’яўляецца клапатлівая мамка. Праўду кажучы, Косцік з яго агіднымі жытнімі вусамі выклікаў у мяне як у аматара беларускай гісторыі хваляванне, ці не пасмейваецца Віктар Марціновіч з беларускай шляхты, але, здаецца, усе лаўры тут дасталіся спадчыннай аўстра-венгерскай арыстакратыі. Прызнаюся, аўтар прымусіў мяне спачуваць нават брыдкаму здрадніку Косціку ў сцэне, калі той кіруе машынай падчас адной з сваіх першых паездак за стырном, а гэта сведчыць пра пісьменніцкае майстэрства Віктара Марціновіча.

Нежаданне пісьменніка рабіць сваіх герояў адназначна станоўчымі ці адмоўнымі гаворыць не пра нядбайнасць ці павярхоўнасць аўтара, а пра пэўны канцэптуальны падыход да жыцця і людзей і наяўнасць густу. Кніга ні ў якім разе не з’яўляецца лёгкім чытвом і патрабуе глыбокага асэнсавання. Віктар Марціновіч можа надаваць пэўны гламурны налёт нават правінцыйным Малмыгам і іх насельнікам, але крытыка аўтарскай падачы вобразаў і ідэяў рамана ёсць, хутчэй, прэтэнзіяй да рэчаіснасці, чым да творчага метаду пісьменніка.

Мне асабіста спадабаліся шмат якія вобразы, развагі і хады ў кнізе. Напрыклад, вобраз дуба, які адлюстроўвае прымхлівасць, паганскі светапогляд беларусаў і татальную адмову падпарадкоўвацца якому-небудзь начальству там, дзе гаворка вядзецца пра рэчы істотныя для сістэмы вераванняў народа. Імпануюць мне і разважанні пра тое, чаму людзі выбіраюць пакланяцца менавіта Агне, Царыцы Неба і Зямлі, а не Богу ці Маці Божай: бо гаротніца, а значыць, зможа зразумець нашыя крыўды. Выказваць падобныя думкі — справа няўдзячная і дастаткова небяспечная, таму што закранае пытанне веры. Але ў абодвух выпадках аўтар дэманструе самаіронію і выдатнае разуменне нацыянальнага характару беларусаў. Заслуга Віктара Марціновіча ў тым, што ён вербалізуе важныя канцэпты духоўнага жыцця нашага народа (хаця, на мой погляд, культ Царыцы Зямлі і Неба насамрэч ідэалізуе нашых суайчыннікаў, але мастацкі твор заўжды ёсць пэўнай ідэалізацыяй рэчаіснасці).

Цікавым ёсць і вобраз урагану, які трохі бянтэжыць, бо паўстае на старонках рамана гэтак жа нечакана, як і налятае ў жыцці. Я мяркую, гэты вобраз выкарыстоўваецца аўтарам, каб папярэдзіць, што Ясіным чарговым вялікім надзеям на прыгожае жыццё, «як ва ўсіх», не наканавана спраўдзіцца.

І ўсё ж «Возера радасці» пакідае кропельку надзеі, у адрозненне ад папярэдніх твораў Віктара Марціновіча. У страшнай апошняй сцэне ў ПАЗіку на Малмыгі, дзе мы бачым патэнцыйна няшчасны лёс чарговага дзіцяці, нікому не патрэбнага і лішняга, бо ў яго маці няма ўжо сіл на любоў, а бацька — дыгрэйд-алкаголік. Гэты спадзеў выражаецца ў тым, што побач з пакінутым хлопчыкам апынаецца Яся і суцяшае яго, дорачы яму сваю недасяжную мару пра Возера Радасці на Месяцы. Здаецца, гэта адзінае, за што можа зачапіцца свядомасць маленькага чалавечка ў хранічна хворым соцыуме.

Хочацца адзначыць высокую якасць перакладу кнігі на беларускую мову, выкананага Віталем Рыжковым. Раман чытаецца як арыгінальны твор, і так лёгка забыць, што ён напісаны Віктарам Марціновічам па-руску. Таксама і афармленне вокладкі, на мой суб’ектыўны погляд, выйграе ў параўнанні з рускамоўным выданнем. Мне такі дызайн падаецца вельмі ўдалым, бо ён прымушае разважаць і перадае глыбінныя сэнсы рамана.

Кніга «Возера радасці» — моцная, складаная, шматпланавая, і яе нельга да канца зразумець, чытаючы наскокам. Застаецца толькі пажадаць, каб Віктар Марціновіч падарыў што-небудзь такое непасрэдна беларускай літаратуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?