Археолагі знайшлі ў нацысцкім лагеры смерці Сабібор такую ж падвеску, як у Ганны Франк. Як мяркуюць навукоўцы, гэты кулон належаў Караліне Кон, якую ў 1941 годзе дэпартавалі з Германіі ў мінскае гета. І Кон, і Франк нарадзіліся ў Франкфурце ў 1929 г., але як яны звязаныя, незразумела, піша meduza.io.

Yoram Haimi / Israel Antiquities Authority

Yoram Haimi / Israel Antiquities Authority

У лагеры смерці Сабібор (Польшча) нацысты забілі 250 тысяч яўрэяў. Наглядчыкі прымушалі яўрэяў распранацца і строем адпраўлялі ў газавыя камеры. Дарогу ад баракаў да камер цяпер называюць «Дарогай у рай».

Праз 70 гадоў у аснове будынка, дзе распраналі і стрыглі жанчын, археолагі знайшлі трохкутны кулон. Калісьці падвеска правалілася пад падлогу і праляжала ў зямлі да кастрычніка 2016 года.

З аднаго боку кулона выгравіраваны выраз «Мазаль тов», дата нараджэння і надпіс «Франкфурт-на-Майне». На другім баку падвескі — тры зоркі Давіда і літара ה («хе»), якой юдэі пазначаюць бога. Такая ж падвеска была ў Ганны Франк, аўтара дзённіка пра пераслед яўрэяў. Падобных кулонаў ніколі не знаходзілі. Ганна Франк у 15 гадоў памерла ў канцэнтрацыйным лагеры Берген-Бельзен.

Кулон, які знайшлі ў Сабіборы, належаў Караліне Кон. Яна нарадзілася 3 ліпеня 1929 г. У 12 гадоў Караліну Кон дэпартавалі ў мінскае гета. Навукоўцы не ведаюць дакладна, выжыла Кон у гета ці не. Дакладна вядома: кулон апынуўся ў Сабіборы не пазней за верасень 1943 года, калі мінскае гета ліквідавалі.

Як лічаць навукоўцы, Караліна Кон і Ганна Франк неяк звязаныя, але як менавіта — невядома. Абедзве дзяўчынкі нарадзіліся ў Франкфурце з розніцай у адзін месяц: Кон — у ліпені 1929-га, а Франк — у чэрвені. Даследчыкі просяць людзей, якія ведаюць нешта пра сям'ю Кон з Франкфурта, паведаміць ім гэтыя звесткі.

Навукоўцы раскопваюць Сабібор з 2007 года. Яны знайшлі там жаночыя гадзіннікі, кулон з Майсеем, падвеску ў выглядзе зоркі Давіда, жэтоны з інфармацыяй на выпадак знікнення дзіцяці і іншыя асабістыя рэчы. Але самае галоўнае, як мяркуюць даследчыкі: удалося даказаць, што немцы спрабавалі схаваць існаванне лагера. Археолагі выявілі сляды ад гусеніц машын, якімі зносілі лагер пасля паўстання 1943 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0