Адметнасцю беларускай культуры апошніх 25 гадоў з’яўляецца тое, што яе жыццё разгортвалася пры застылым часе. Час у культуры вымяраецца не столькі колькасцю падзей, колькі зменамі ў іх характары, у нас жа ўсё адбудоўвалася цыклічна, як у сельскагаспадарчым календары: пасяўная, «Дажынкі», «Славянскі базар». Тыя ж людзі, тыя ж тэмы. Але павольны беларускі час жыў у атачэнні імклівага навакольнага часу, дзякуючы чаму і пачала абрынацца лавіна.

І вось мы бачым, як вецер пераменаў здзімае маскі. На сцэне ўсё тыя ж героі, у зале ўсё тая ж публіка. Усё гэта адбываецца на нашых з вамі вачах, пры нашым жыцці. Паверце, не магло здарыцца нічога лепшага!

Я вельмі рады, што падатак на дармаедства вымушаная была ўводзіць менавіта тая група таварышаў, якая некалі абвяшчала Беларусь сацыяльнай дзяржавай. Бо сітуацыя, калі дзесяць адсоткаў працаздольнага насельніцтва (450 тыс. з 5 мільёнаў) знаходзіцца без працы і прызнаецца дармаедамі, узнікла з таго, што не было рэформаў.

Што тыя заводы, на якіх некалі рабілі тыя 10 адсоткаў, спарахнелі, а стварэння новых працоўных месцаў праз развіццё прыватнай ініцыятывы не адбылося. І цяпер мы бачым імклівае набліжэнне колькасці тых, каму дзяржава мусіла б плаціць дапамогу ды пенсіі, з колькасцю тых, хто яшчэ здольны недзе зарабляць грошы. І — самае галоўнае — менавіта бацькі-заснавальнікі цяперашняй мадэлі вымушаныя ісці на вельмі непапулярныя меры па выратаванні сітуацыі.

У варунках імклівага часу ўсё было б па-іншаму: ва Украіне за 25 гадоў змянілася 5 прэзідэнтаў, прычым кожны наступны мусіў разграбаць гурбы праблем, назапашаных папярэднім! І, калі б у 2010-м у Беларусі нешта змянілася, мы б назіралі цяпер заняпад веры грамадзян у ліберальныя каштоўнасці, бо менавіта новая ўлада мусіла б ісці на павышэнне камуналкі ды падаткаў.

Мне вельмі прыемна бачыць, як тыя самыя каментатары на вялікіх нацыянальных парталах, якія некалі кпілі з затрыманых маладафронтаўцаў, якія пісалі «так ім і трэба» пра маўклівыя пратэсты, якія шчыра верылі ў шпрыцы ў намётах на Кастрычніцкай плошчы ў 2006-м, дык вось, як уся гэтая паважаная бальшыня, адкрывае нарэшце вочы на тое, што адбываецца навокал.

Любому чалавеку, які скрыгатаў зубамі ад бездапаможнасці і пачуцця таго, што праўды ніхто не бачыць, у 2001-м, цяпер прыемна сачыць за допісамі гэтых нарэшце абуджаных сітуацыяй каментатараў пра страляніну на Новы год. Ці пра здзек з 17-гадовага падлетка — звычайнага, не палітызаванага, а таму раптам такога зразумелага мільёнам; ці пра п’яных ДАІшнікаў. І цяпер мы памяняліся месцамі — большасць скрыгоча зубамі ад бездапаможнасці, калі бачыць, як ахвяры робяцца вінаватымі і атрымліваюць тэрміны за збіццё здаравенных дзецюкоў. А мы, меншасць, нагадваем: а мы хіба вам не гаварылі? Памятаеце, калі нас арыштоўвалі за мацюкі ды маханне рукамі? І вы яшчэ былі ўпэўненыя, што мы сапраўды брыдкасловы.

Я вельмі рады, што людзі, якія пішуць, што наша краіна — недадзяржава, а нашай мовы не існуе, цяпер бяруцца пад варту роўна той жа камандай, якая некалі сама звярталася да мовы толькі каб абразіць «змагароў». І тут справа не ў справядлівасці пакарання (бо я лічу, што пазбаўляць чалавека волі трэба толькі ў выключных выпадках), а ў тым, што самасную люстрацыю арганізавалі роўна тыя, хто мусіў падпасці пад яе ў першую чаргу.

Гэта цудоўна — калі прадпрымальнікі, якія пашкадавалі грошай на вытворчасць этыкетак на роднай мове, пачынаюць цкавацца не зацятымі беларусафіламі з 1990-х, не Вячоркам з Сіўчыкам, а той боба-моладдзю, якая яшчэ пяць гадоў таму крывіла вусны пры выразе «беларуская літаратура». Якая, цярэбячы бароды над мангавым смузі, сцвярджала, што нават спрабаваць нічога беларускага чытаць не будзе, бо што вартага могуць напісаць «гэтыя»?

А як жа цудоўна пачувацца цяпер заўсёдным прыхільнікам еўрапейскага шляху развіцця! Калі Беларусь пачынае крок за крокам рэалізоўваць усе пункты перадвыбарчай праграмы БНФ 1995 года! Выявілася, што славянскае братэрства было небяспечнай памылкай. А дзе ж тыя, хто сцвярджаў адваротнае? Дзе? Усё там жа? У кабінетах улады? Дык хіба гэта не прыемна?

Калі б адыход ад еўразійства ладзілі наступнікі «моцнай і квітнеючай» і менавіта яны аграбалі наступствы ў выглядзе скарачэння нафтавых квот — гэта было б несправядліва! А так грошы для збяднелага бюджэту мусяць тэрмінова шукаць менавіта тыя ж асобы, якія прывязалі нас да Масквы безальтэрнатыўнай энергетычнай палітыкай! Хіба гэта не файна, што дэфекты ў палях «Газпрамбілдынгу» канстатуе той самы Мінгарвыканкам, які зусім нядаўна даваў дазвол на будаўніцтва гэтай гаргары?

Як жа слушна з касмічнага пункту гледжання тое, што тэрмінова беларусізаваць Беларусь спрабуюць тыя людзі, якія старанна не пускалі мову ў ВНУ! І вось цяпер яны мітусяцца з брсмаўскімі вышыванкамі, спрабуюць вярнуць родную гаворку на тэлебачанне, а гаварыць там няма каму, бо прафесіяналаў пазвальнялі як «нацыяналістаў»!

І адукаваць новых немагчыма, гэта не хуткі працэс. І вось назіраеш за гэтым і разумееш, што карма — яна існуе! Бо гэтыя памылкі ды перагібы маглі б выпраўляць нейкія іншыя, не вінаватыя ў іх кіраўнікі! Але дзякуючы застыламу часу робяць гэта якраз тыя, хто ў іх вінаваты!

У напісаным вышэй няма ні долі злараднасці!

Колішнія дабрабыт і стабільнасць з карчом у гаражы і каштоўным кантрактам (каштоўным, бо ён гарантаваў $500 заробку ў абмен на веру ў тое, што дзяржава затрымлівае толькі брыдкасловаў ды наркаманаў) былі выбудаваныя фактычна за кошт пазыкаў. Якія браліся — як тады здавалася — у кошт нашай далёкай будучыні. І тыя, хто браў, і тыя, хто атрымліваў «папяццот», думалі, што гэтая будучыня наступіць вельмі не хутка. Не пры іх жыцці дакладна. І вось так вывернулася, што будучыня ўжо тут.

Вяртаць пазыкі, якія ўзніклі ў тым ліку за кошт не праведзеных дагэтуль рэформаў, не выгадаванай працаздольнай змены, трэба ўжо цяпер. І дакладна тым, хто іх набраў.

Самае каштоўнае, што можа даць Бог таленавітаму мастаку, творчасць якога значна апярэджвае ягоны час, — моцнае здароўе. Бо кан’юнктура абавязкова зменіцца. І тыя, хто цкуе, будуць пасаромленыя і зробяцца аддадзенымі прыхільнікамі.

З іншага боку, працяглае жыццё — самае дрэннае, што можа здарыцца з дрэннымі начальнікамі. Бо ты маеш шанец на свае вочы пабачыць бездань у канцы шляху, пра перспектыўнасць якога казаў тым людзям, якія табе верылі. І якія ішлі за табой усе гэтыя гады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?