На краўдфандынгавай платформе «Талака» распачаўся збор сродкаў на выданне найбольш поўнага Збору Твораў Уладзіміра Дубоўкі ў 2 тамах.

Янка Купала казаў яму: «Я — Дзяржавін, ты — Пушкін». Не зусім дарэчна. Купала быў Купалам, але ж Дубоўка быў Дубоўкам — геніяльным паэтам новага часу, вялікім эксперыментатарам, майстрам новага слова. 25 год правёў ён у сталінскіх лагерах. Пасля выхаду прымушаны быў калечыць уласныя вершы, прыстасоўваючы іх да густу савецкага чынавенства. У новым выданні укладальнік і каментатар Дзмітрый Давідоўскі аднавіў першыя варыянты дубоўкавых вершаў — тыя тэксты, што прынеслі яму вядомасць і любоў чытачоў.

Апроч вершаў і перакладаў, у Зборы Твораў друкуюцца філалагічныя працы Дубоўкі і ягоныя лісты. З’явяцца там і архіўныя тэксты.

Над выданнем працавала вялікая каманда. Апроч Дзмітрыя Давідоўскага, гэта рэдактары томаў Міхась Скобла і Віктар Жыбуль, аўтар прадмовы Ірына Багдановіч. Вокладкі рабіў Генадзь Мацур.

Збор Твораў Уладзіміра Дубоўкі выйдзе ў серыі «Галасы Айчыны» выдавецтва «Лімарыус», дзе раней выходзіў збор твораў Ларысы Геніюш у 2 тамах, а таксама выданні Алеся Салаўя, Янкі Юхнаўца ды іншыя выдатна падрыхтаваныя кнігі амаль невядомых класікаў беларускай літаратуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0