27 сакавіка мінулага года ў Мінску здарылася трагедыя. У адной з кватэр мінскага мікрараёна Сухарава знайшлі мёртвае васьмімесячнае немаўля з моцнымі раненнямі. А побач з ім — шчаня пароды хаскі. Вінаватай у смерці дзіцяці прызналі яго маці. На працэсе высветлілася, што яна некалькі сутак не карміла сабаку, і хаскі адгрыз руку дзіцяці, пакуль маці, якая была ў стане алкагольнага ап'янення, спала ў іншым пакоі. 11 жніўня жанчыну прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі і штрафу памерам 4200 рублёў. Сабаку рашэннем суда пастанавілі вярнуць заводчыку.

Праз пяць месяцаў пасля завяршэння суда і прысуду хаскі па мянушцы Айда па-ранейшаму знаходзіцца ў вальеры прадпрыемства «Фаўна горада» на вуліцы Гурскага. На яе невялікім вальеры вісіць шыльда «Не выдаецца. Вядзецца следства». Сабаку нельга прыйсці і забраць, як іншых гадаванцаў з Гурскага. Не забраў яе і заводчык.

«Я хацеў забраць сабаку. Нават званіў пасля суда на Гурскага, размаўляў з ветэрынарам і з дырэктарам. Яны мне паведамілі, што аддадуць Айду толькі калі я заплачу за яе ўтрыманне. І назвалі кошт — шэсць ці дзевяць мільёнаў (старымі) за тры месяцы. Гэта ж нерэальна. Гасцініца для жывёл каштуе дзесяць рублёў за суткі. Адкуль такія грошы? Я вырашыў, што яе забраць не магу. Абсалютна чыстае маладое шчаня хаскі цяпер каштуе 500 рублёў прыкладна, з усімі дакументамі. А тут яна, якая правяла столькі часу ў вальеры. Ужо і карэкціроўку паводзінаў, відаць, трэба рабіць», — расказвае заводчык Айды Аляксандр.

Айду, у адрознінне ад большасці іншых сабак, якія жывуць на Гурскага, немагчыма проста так забраць з «Фауны горада».

Дырэктар «Фаўны горада» Тамара Царыкоўская цікавасць з боку заводчыка Айды адмаўляе.

«Не ведаю, да каго ён звяртаўся, я з ім не размаўляла. Мы гатовыя аддаць сабаку заводчыку, калі ён з намі звяжацца, — расказвае Царыкоўская. Яна таксама дадае, што агучаная заводчыкам Аляксандрам сума ў 6-9 мільёнаў — няпраўда. — Я не гатовая вам цяпер назваць суму, якую мы запатрабуем у дадзеным выпадку з заводчыка. Мы гатовыя разгледзець варыянты, каб аддаць сабаку. Суму ў дзевяць мільёнаў яму ніхто не называў, такой гаворкі не вялося. Увогуле, у нас суткі ўтрымання сабакі каштуюць 4 рублі 12 капеек. Але ў выпадку Айды мы гатовыя разгледзець варыянты».

Вядомая ў Беларусі заводчыца хаскі Мая Вахранава расказала, што пра няпростую гісторыю Айды ведае.

«Разумееце, цяпер цэны на шчанят хаскі рэзка ўпалі. Ужо за 200-300 долараў можна набыць сабачку з усімі дакументамі. Хто будзе плаціць за Айду? Яна, вядома, ужо адвыкла ад хатняга ўтрымання, столькі часу жыве ў вальеры сярод іншых сабак. Мабыць, яе ўжо і стэрылізавалі там, на Гурскага, тады яна не прыдатная для развядзення. Я б хацела сама яе забраць, да сябе. Але жыву ў цэнтры горада амаль, у мяне дома тры кабялі хаскі. Я не магу яе ўзяць. Пастараюся спытаць у людзей, магчыма, нехта возьме Айду сабе. Калі не, то яе, відаць, могуць там усыпіць», — кажа Вахранава.

Еўрарадыё будзе сачыць за далейшым лёсам хаскі Айды, якая праз чалавечую нядбайнасць трапіла ў вельмі няпростую сітуацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?