Гісторык Кузьма Казак — дасьледчык Другой сусьветнай вайны, кіраўнік аб’яднаньня гісторыкаў «Гістарычная майстэрня». Усплёск цікавасьці грамадзкасьці выклікала падрыхтаваная ім кніга «Германскія страты на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941—1944 гг.: аналіз і вынікі». І гэта стала нагодай для нашай гутаркі.

Гістарычная майстэрня

Наша гутарка адбываецца ў памяшканьні Гістарычнай майстэрні па адрасе вул. Сухая, 25, у аднапавярховым доўгім белым доме, які глядзіць на сквэр. Вуліца паката спускаецца ўніз, на вузкім тратуары старыя дрэвы, шум мэгаполісу прыглушаны — тут захаваўся куточак таго раёну, які старыя менчукі называлі «Каля Яўрэйскіх могілак». Сквэр — гэта тое, што ад могілак засталося.

У доме з даваенных і ваенных часоў неабшаляваныя сьцены, невялікія вокны з вузкімі рамамі, граюць пад нагамі няроўныя дошкі падлогі. Вядомыя прозьвішчы тых, хто жыў тут на пачатку стагодзьдзя — вартаўнік габрэйскіх могілак Беркавіч, служачы Любава-Роменскай чыгункі на імя Кузьма Іванавіч, агародніца на прозьвішча Казак… Пра гэтыя супадзеньні гісторык Кузьма Іванавіч Казак паведамляе з усьмешкай: маўляў, вось і ня вер пасьля гэтага ў супадзеньні і гістарычныя паралелі! Але ўвогуле гісторыя дому трагічная: падчас вайны ён знаходзіўся ў гета, а потым, магчыма, зьяўляўся перасыльным пунктам для прымусовых работнікаў зь Беларусі — остарбайтэраў… А пасьля вайны тут быў ЗАГС — жыцьцё патрабавала свайго. Потым — швачны цэх, склад будаўнічых матэрыялаў…

«Наша Ніва»: Дык што такое Гістарычная майстэрня?

Кузьма Казак: Гістарычная майстэрня ў Менску — гэта аб’яднаньне гісторыкаў, якія вывучаюць найноўшую гісторыю Беларусі — найперш пэрыяд Другой сусьветнай вайны, цікавячыся не арганізацыйнай і кіраўнічай роляй камуністычнай партыі ва ўсенароднай барацьбе, а гісторыяй штодзённасьці — тым, што прыўносіць у строгую навуку ня толькі складаную праўду, але і трагічную паэзію. І сам гэты дом — сьведка і сымбаль гэтай трагічнай штодзённасьці.

Тут прадстаўленыя экспазыцыі, прысьвечаныя вязьням гета і канцэнтрацыйных лягераў, лёсам беларускіх остарбайтэраў, а таксама арганізуюцца часовыя, часта вельмі цікавыя, выставы. Наведваньне экспазыцый і выставаў бясплатнае. Падобныя майстэрні ёсьць амаль у кожным горадзе Нямеччыны, у Беларусі яна — адна.

Галакост архітэктуры

«НН»: Вы з такой любоўю расказалі пра гісторыю гэтага дому, які шмат каму можа падацца проста баракам…

КК: Ведаеце, з 40 тыс. чалавек, якія наведалі Майстэрню, толькі 27 назвалі сябе карэннымі мянчанамі! Можа, акурат праз гэтыя магутныя міграцыйныя працэсы і губляе Менск так імкліва ўсе рысы, якімі прывязваў да сябе сваіх жыхароў? Можа, праз гэта лічыцца, што сьветлыя і ўтульныя шматкватэрныя дамы могуць стаяць на касьцях ці на месцы зьнесеных старых «баракаў», што шырокія, выпрастаныя, зручныя для аўтамабіляў вуліцы могуць пралягаць на месцы пакручастых і вузкіх менскіх завулкаў, якімі стагодзьдзямі крочылі мянчане… І гэта — сапраўдны галакост у архітэктуры. Асэнсаваньня каштоўнасьці забудовы гораду, няхай сабе самай простай, ягонай тапанімікі — няма. Адрамантаваўшы гэты дом, падкрэсьліўшы яго рысы, мы спрабуем паказаць якраз гэтую каштоўнасьць.

Дзьве канцэпцыі вайны

«НН»: У чым адметнасьць Вашага падыходу да гісторыі Другой сусьветнай вайны?

КК: Існуе дзьве канцэпцыі гісторыі вайны, і калі вы прыхільнік адной зь іх, то вы бачыце зусім іншае, зусім іншую культуру, зусім іншыя твары, чым калі вы трымаецеся іншай. Стваральнік першай канцэпцыі — кіраўнік НКВД Цанава. У 1949 г. выйшла ягоная першая кніга, у якой ён даваў асноўныя палажэньні гэтай канцэпцыі: вайна — гэта барацьба, у ёй ёсьць пераможцы і пераможаныя, пераможцы — гэта савецкія салдаты, падпольшчыкі, партызаны, а пераможаныя — гэта немцы і паліцаі. У кнізе Цанавы калябаранты названыя «найзьлейшымі ворагамі» савецкіх людзей, то бок па ступені адказнасьці яны нават пастаўленыя над нямецкімі салдатамі. Гэта стала дзяржаўнай канцэпцыяй, і так у нас гавораць пра вайну дасюль.

Другая канцэпцыя, якая нараджаецца: вайна — гэта гісторыя пакут. Якая была вайна ў Беларусі? Вайна мела шмат абліччаў. Вайна пачалася ў нас у 1939 г. На Піншчыне, Берасьцейшчыне былі магутныя ўкраінскія ўплывы, на Гарадзеншчыне — польскі, на Віцебшчыне, Магілёўшчыне адначасова адчуваўся расейскі дух. Случчына, Наваградчына, Баранавіччына — там больш было беларускамоўнай культуры. І шматкультурны Менск. Жыцьцё разнастайнае, калярытнае, ня просталінейнае.

Падчас акупацыі асноўная дзейная асоба ў Беларусі — жанчына. У нас пра гэта не гаварылася, але лёс жанчыны, якая засталася пад акупацыяй, — гэта суцэльны страх, суцэльная трагедыя. Ніхто больш не цярпеў у вайне, як жанчына. Паўмільёна германцаў, партызаны і падпольшчыкі — хто іх карміў? Толькі жанчыны, бо ім не было куды падзецца. А галоўнае, што легла на жанчыну, — захаваць жыцьцё сямейнікаў, дзяцей, старых. І гэта ва ўмовах жорсткасьці, якая была нормай: жорсткія немцы, жорсткія паліцаі — у жорсткасьці яны пераўзыходзілі немцаў, жорсткія партызаны — больш за 2000 партызанаў былі расстраляныя самімі партызанамі за гвалт супраць мірнага насельніцтва.

Калі вайна скончылася, нямецкія жанчыны, якія пацярпелі ад гвалту савецкіх салдат, арганізоўваліся ў суполкі, дзе маглі пазбавіцца псыхалягічных хвароб…

У нас мужчынскі гвалт быў таксама масавы і страшны, але ніхто з жанчын нічога пра гэта не гаварыў. Маладая прыгожая жанчына наагул ня мела шанцаў выжыць. Немцы часта паводзілі сябе, як заваёўнікі, а партызаны часта лічылі, што такія жанчыны — спэцыяльна засланыя немцамі, каб раскласьці маральны стан атраду. Страх беларускіх жанчын застаецца зь імі да сьмерці. Калі ў Майстэрні яны тут зьбіраюцца… Такія гісторыі расказваюць! Вось гэта і ёсьць гераізм: яна выжыла, яна падняла дзяцей… А ўзаеміны паміж немцамі і остарбайтэрамі ў Нямеччыне: як гэта было, ці было каханьне, ці было сяброўства… Як адбывалася вызваленьне, якога так чакалі? Жанчыны, былыя остарбайтэры, расказваюць, што штрафбатальёны, якія ішлі першымі, ставіліся да расейскіх, беларускіх, украінскіх дзяўчат яшчэ больш жорстка, чым да нямецкіх.

І ўсё гэта заставалася ў памяці. Штотыдзень мы ладзім сустрэчы людзей, якія перажылі тыя падзеі, і запісваем іх аповеды. Мы ставім на мэце дасьледаваць гэты бок вайны.

Такіх гісторый, як у Майстэрні, вы не пабачыце ў Музэі Вялікай Айчыннай вайны — і сюды прыходзяць іншыя людзі.

З вайны можна выхоўваць агрэсію, а можна — гуманізм.

«НН»: Гэта зусім іншае вызначэньне вайны і перамогі. Гэта па-чалавечы.

КК: Гігантаманія, мілітарызм патрэбныя генэралам. Гістарычная майстэрня — гэта вельмі ўдалы беларуска-нямецкі праект: ён тычыцца складанага дыялёгу, ён тычыцца гісторыі штодзённасьці — і цяперашняга, і таго часу. Ён тычыцца людзей, якія не былі героямі ў войску. Так здарылася, што іх вывезьлі, што яны трапілі ў палон… Тут да іх ставіліся з падазрэньнем, і яны замаўчалі… Нам удалося пачуць іхныя галасы — у самым простым сэнсе гэтага слова. Мы запісвалі іхныя аповеды — яны ўзрушваюць і зачароўваюць.

Але сама гісторыя залежыць ад каштоўнасьцяў грамадзтва. І калі паміж Беларусьсю і Нямеччынай ёсьць дыялёг, то ўнутры нашага грамадзтва яго няма. І вайна дасюль выкарыстоўваецца для культывацыі агрэсіі, варожасьці. Гісторыку трэба рэальна глядзець на рэчы, а не хлусіць. Гісторыя вайны можа быць прыкладам таго, як людзі страчваюць сябе з абодвух бакоў. Як яны перастаюць быць людзьмі, не адчуваюць сябе людзьмі — у літаральным і самым страшным сэнсе гэтага слова. З вайны можна выхоўваць агрэсію, мілітарызм, а можна — гуманізм і маральнасьць. І калі мы гэтага не зразумеем, то градус агрэсіўнасьці, градус варожасьці ў грамадзтве будзе павышацца.

Каго зьнішчалі партызаны?

«НН»: Ваша кнігу «Германскія страты на тэрыторыі Беларусі…» падаецца сэнсацыйнай. Ці Вы сапраўды гаворыце ў ёй, што з паловы мільёна забітых партызанамі меншасьць склалі нямецкія салдаты?

КК: Тут няма сэнсацыйнасьці. І яе не павінна быць. Але я спрабую сказаць тое, што я выявіў.

Нідзе не было такога шырокага партызанскага руху, як на тэрыторыі Беларусі: савецкія, беларускія (пра гэта часта піша Сяргей Ёрш), украінскія, польскія партызаны, «зялёныя» — салдаты, якія трапілі ў акружэньне і спрабавалі выбрацца, ня ведаючы мовы, традыцый… Тут былі і звычайныя марадзёры. Тут былі атрады, якія абаранялі канкрэтныя вёскі…

Частка насельніцтва спачатку мела досыць ляяльнае стаўленьне да немцаў: у нямецкіх дакумэнтах часта адзначаецца, што вэрмахт сустракалі хлебам-сольлю. У Палескім рэгіёне нават не існавала мяжы фронту, бо тут былі непралазныя балоты і лясы. Аднак адразу за вэрмахтам прайшлі айнзацгрупы, якія не пакінулі насельніцтву ніякіх шанцаў на выжываньне: габрэяў, сем’і савецкіх актывістаў, усіх, хто супраціўляўся, адразу зьнішчалі.

«НН»: Сьцьвярджаецца, што ў Беларусі нямецкія страты ў выніку дзеяньняў партызан склалі паўмільёна чалавек. Ці так гэта і як гэта можна праверыць?

КК: Я пачаў з укладаньня сьпісу нямецкіх гарнізонаў. Гарнізон, узброены пост, застава — гэта асноўная адзінка акупацыі. Празь іх усё ідзе. На сёньня ў маім сьпісе 2500 гарнізонаў, заставаў, пастоў. Партызанскія напады, паводле дакумэнтаў, былі ўчыненыя на 1200 такіх адзінак, на некаторыя зь іх неаднакроць. У справаздачах партызаны дакладалі: зьнішчаны такі і такі гарнізон. Узьнікае пытаньне: а колькі ж было зьнішчана людзей пры кожным нападзе? Хто складаў гарнізон? Кожны гарнізон складаўся з 3—5 немцаў, астатнія маглі быць ненямецкімі калябарантамі: ці то мясцовыя вясковыя мужчыны, ці то рускія, украінцы, літоўцы і г.д.

«НН»: Хто ўваходзіў у мясцовую паліцыю?

КК: Матывы ўступленьня туды былі розныя.Часта гэта быў мясцовы хлопец, які атрымаў позву, і меў перад сабой выбар: або ён ідзе, або адмаўляецца, і тады паводле законаў ваеннага часу будзе расстраляная ўся ягоная сям’я.

Калі падсумаваць усе дадзеныя, то, аказваецца, за гады вайны партызанамі сапраўды было забіта і паранена ня менш за паўмільёна людзей. Саміх немцаў — меншасьць, астатнія — з калябарантаў. Тут жа была ўся Эўропа: французы, мадзьяры, італьянцы, тут знаходзілася Руская вызваленчая армія, украінскія, літоўскія, латыскія атрады. Вельмі значныя страты зазнала грамадзянская адміністрацыя: вясковыя старасты, супрацоўнікі нямецкіх установаў. Часта бывала так, што мясцовыя партызаны не чапалі, скажам, старасту, які ім дапамагаў, а праходзілі немясцовыя — і расстрэльвалі, прычым ня толькі яго, а ўсю сям’ю.

Пры бамбардзіроўках, падрыве цягнікоў таксама больш страт было сярод насельніцтва, чым сярод непасрэдна нямецкіх салдат. Хто разьбіраў, падрываючы цягнік, хто там едзе, грамадзянскія людзі ці вайскоўцы? Адсюль і высновы.

Сьметнік у Трасьцянцы

«НН»: Але, думаецца, Вас могуць абвінаваціць у дэгераізацыі вайны, у тым, што Вы прыніжаеце памяць аб вайне.

КК: Фанфарныя гукі заглушаюць пакуты. А сярод партызанаў і сярод мірных жыхароў столькі трагедый! Напярэдадні Дня Перамогі, Дня Рэспублікі ну як пра гэта казаць? Вось і пускаюць па праспэкце танкі, і над імі — «Боінг» на невялікай вышыні… Пераказаць праўду амаль немагчыма… А вайна ў Беларусі была вельмі непрыгожай.

206 500 чалавек знішчаныя ў Трасьцянцы, а там робяць гарадзкі сьметнік. Вось і ўся наша памяць! У Беларусі дагэтуль няма музэю гісторыі Галакосту. Дзяцей з Азарычаў не прызнаюць вязьнямі канцлягеру! У вайне сярод зьнішчаных людзей вельмі шмат абсалютна невінаватых. Вось пра іх нельга забывацца ў першую чаргу. У Беларусі, у параўнаньні з суседзямі, дагэтуль няма закону аб ахвярах нацызму, чаго дамагаюцца непасрэдныя сьведкі нацызму ў Беларусі.

* * *

...Гаворка выдае ў спадару Казаку нараджэнца Палесься: ён з Альшан — самай багатай, зь яго словаў, вёскі Беларусі, усе мужчыны якой ад пачатку ХХ ст. езьдзілі на заробкі ў Амэрыку, а ў другой палове — на шабашкі ў Сібір. Цяпер тут шырока разьлягаюцца цяпліцы, а магутныя фуры-мэрсэдэсы аднавяскоўцаў развозяць агуркі і памідоры ва ўсе канцы Расеі. Сямсот чалавек з Альшанаў жывуць у Амэрыцы, а некаторыя ўжо вярнуліся назад… У сям’і бацькоў было дзесяць дзяцей, Кузьма — наймалодшы. Сям’я хацела, каб менавіта ён атрымаў асьвету. Каб усьцешыць маму, пасьля будатраду студэнт Кузьма Казак купіў першы ў жыцьці капялюш і ў ім зьявіўся дома: менавіта капялюш для мамы быў сымбалем інтэлігентнасьці.

Для самога ж спадара Казака сымбаль інтэлігентнасьці — гаварыць праўду аб выніках сваіх дасьледаваньняў, пазьбягаючы як ідэалягічных клішэ, так і сэнсацыйнасьці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0