«Сям'я з Украіны жыве ў Крывым Рогу. Сям'я невялікая, актыўная і прыязная. Маюць уласны бізнэс. Мама прывыкла ва ўсім быць першай, а тата спрабуе ўсяляк падтрымліваць сваю жонку. Сям'я з Беларусі жыве ў горадзе Бабруйск. У іх двое сыноў і дачка ад першага шлюбу жонкі. Бацькі працуюць у сферы культуры: выкладаюць акцёрскае майстэрства. Мама лічыць, што ласкавае стаўленне можа пераканаць любога мужчыну. Ці спрацуе гэта з украінскай сям'ёй?» — гаворыцца ў анонсе праграмы.
«Нехта лічыць Беларусь апорай савецкай сістэмы. У Еўропе яе называюць ізгоем. Але гэтыя палітычныя катаклізмы не перашкаджаюць беларусам і ўкраінцам сябраваць адно з адным і ездзіць у госці», — так пачынаецца гадзінны сюжэт.
Па правілах рэаліці-шоу жанчыны мяняюць правілы ў новых сем'ях.
— Прыйшоў час мяняць правілы! — кажа ўкраінка беларускай сям'і.
— А навошта?! — пытаецца ў яе новы «муж».
На фінальнай вячэры дзвюх сем'яў, якая праходзіла ў Мінску, украінская ўдзельніца сказала пра свой досвед жыцця ў Беларусі, што «нагадвае Савецкі Саюз, людзі такія скаваныя, адчуваецца дыктатура трошкі». Але ў той жа час, адзначыла яна, ёсць і «парадак».
«Міняю жінку» — рэаліці-шоу тэлеканала 1 + 1, у рамках якога дзве сям'і на тыдзень мяняюцца жонкамі. Удзел у шоу бяруць кантрасныя сям'і: з розным сацыяльным становішчам, ладам жыцця, светапоглядам, стаўленнем да працы, адно да аднаго і да іншых, палярнымі поглядамі на выхаванне дзяцей, харчаванне і адпачынак.