Дзякуючы сваёй здаровай нахабнасьці гэты гурт за два гады літаральна прабіўся на вялікую рок‑сцэну. Беларускі фолк‑рок цяпер перажывае ня лепшыя часы і адкрыцьцяў у гэтым кірунку ў апошнія гады няшмат, а вось Unia вынятак.

Іх працавітасьць не аспрэчыш і падаць сябе яны могуць як сьлед. Музычныя акцэнты яны нібы расстаўляюць слушна, з уменьнем выкарыстоўваюць у цяжкарокавых аранжыроўках дуду і акардэон. Unia — адна зь нешматлікіх камандаў, якая можа зрабіць на сцэне шоў, прытым за іх гучаньне таксама сорам не бярэ.

Безумоўны посьпех альбому — «Свахначка» зь лёгкім псыхадэлічным прысмакам і трохі цяжэйшая «Крынічанька» з сакавітай рытм‑сэкцыяй. Але на гэтым радасьці сканчваюцца. Пасьля праслухоўваньня некаторых трэкаў складваецца ўражаньне, што музыкі вельмі далёкія ад беларускай культуры. Надта ўжо тхне банальнай дэкаратыўшчынай і непрыхаванай правінцыйнасьцю. Асабліва тое адчуваецца ў трэку «Кухарочкі». Нямаведама, дзе Unia знайшла той тэкст, але слухаецца дадзены твор надта ўжо дзіка: «Поб’ю окна, поб’ю рамы, пошлю к мілой телеграму». Мо гурту з гэтай нагоды перакласьці назву на расейскую?

Алег Хаменка (вакал якога цалкам завалены ў трэку «Хлопец пашаньку пахае») неяк сказаў, што без праблемаў можа сыграць «Валенкі» так, што песьня загучыць як сапраўдная беларуская народная. Толькі каму гэта будзе трэба?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?