Сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) другі дзень запар зведвае DoS-напад, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі.

«З сярэдзіны дня 18 студзеня на сайт БАЖ ідзе DoS-атака, якая працягваецца і сёння, праз формы на сайце. У нас там ёсць формы «дадаць матэрыял», «дадаць каляндар», куды людзі самі могуць упісваць пэўныя падзеі. Праз гэтыя формы пачалася атака, з розных ip-адрасоў праз гэтыя формы дасылаліся дадзеныя, — расказаў ён. — Мы ўжо адключылі гэтыя формы, але ўсё роўна прыходзяць запыты з розных ip-адрасоў. Мы іх блакуем спачатку, але ўбачылі, што гэта бессэнсоўна, таму што блакуеш адны адрасы, пачынаюць прыходзіць запыты з іншых».

Паводле слоў Гарэцкага, да вырашэння праблемы падключылі спецыялістаў у сферы бяспекі. «Яны цяпер спрабуюць адбіць гэту атаку. Калі яна будзе працягвацца і справіцца з ёй не атрымаецца, то плануем звярнуцца ў праваахоўныя органы», — сказаў Гарэцкі.

Ён не змог сказаць, што магло стаць прычынай нападу. «Зацішша абсалютнае, на сайце ніякіх рэзанансных матэрыялаў не было. Можа, гэта проста праверка сіл чыясьці, не ведаю», — выказаў меркаванне Гарэцкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0