Жыхары Гомеля, якія не ўваходзяць у палітычныя партыі і НДА, арганізаваліся праз сацыяльныя сеткі і пачалі збор подпісаў за адмену дэкрэта «аб дармаедстве».

У прыватнасці, каля буйных гандлёвых пунктаў гэтым займаецца жыхар абласнога цэнтра Дзмітрый Сабураў. «У інтэрнэце я ўбачыў, што ў Баранавічах Мікалай Чарнавус пачаў збіраць подпісы за адмену дэкрэта, звязаўся з ім, даведаўся падрабязнасці, раздрукаваў бланкі і пачаў збор. Мне праз сацыяльныя сеткі сталі пісаць людзі, якія вельмі моцна абураныя гэтым дэкрэтам. Пазнаёміўся з адным маладым чалавекам, і разам збіраем цяпер подпісы. Да нас далучаюцца розныя людзі», — паведаміў Сабураў.

Дэкрэт закрануў яго сям'ю: сам Дзмітрый у 2015 годзе працаваў не поўны год, а яго маці, якая працавала 30 гадоў на адным з прадпрыемстваў, была скарочана і таксама рызыкуе папоўніць шэрагі «дармаедаў». «Гэта поўны абсурд, прыніжэнне народа, які чыноўнікі хочуць зрабіць рабамі, прыгоннымі, якія абавязаны працаваць на памешчыка і яшчэ плаціць незразумелыя падаткі», — ахарактарызаваў нарматыўна-прававы акт жыхар Гомеля.

Паводле яго слоў, людзі актыўна адклікаліся на прапанову выказаць сваё стаўленне да дэкрэта: за гадзіну каля гандлёвага цэнтра «Мандарын» сабрана больш за 60 подпісаў. «Гэта закранула амаль што ўсіх: у кагосьці паведамленне прыйшло маці, ці сыну, ці сябру, суседу. Пенсіянеры, хоць здавалася, іх дэкрэт не чапае, таксама актыўна ставілі подпісы», — адзначыў суразмоўца.

Па прыкладзе вядомага гомельскага влогера (аўтара відэаблогаў) Максіма Філіповіча Дзмітрый адкрыў свой канал і пачаў выкладваць ролікі на Youtube, бо лічыць, што «маўчаць нельга». «Думаю, што рэзананс ад збору подпісаў будзе. Можа, дэкрэт і не адменяць, але нешта зменіцца. Я плаціць не буду, гэта дакладна», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?