Я нарадзіўся ў краіне, у якой нельга было мысьліць. Дакладней, можна было ў межах марксістскай ідэалягёгіі. Выйсьце за межы моцна каралася. Але мне дужа карцела зазірнуць за небакрай…

На другім курсе Лінгвістычнага універсытэту ў прыбіральні Купалаўскага тэатра я сустрэўся вачыма з незвычайным чалавекам. Гэта быў Кім Хадзееў. Неймавернасьць сустрэчы была ў тым, што Кім мог мысьліць!

Значна пазьней, пасьля Кімавай і Нацыянальнай акадэмій навук, мне аднойчы падумалася: а што такое мысьленьне?! Ці, сапраўды, яно бязьмежнае і унівэрсальнае?

О, мой Бог! Канечне ж, не! Канечне ж, яно мае межы. І ня ёсьць універсальнай каштоўнасьцю — ключом ці «адмычкай» ад усяго. І мне зноў захацелася зазірнуць за небакрай…

Неяк мой сябра Валянцін Акудовіч напісаў, што мова падманвае. Гэта быў штуршок, які нагадаў мне пра маё жаданьне.

Не, ня мова! Падманвае менавіта мысьленьне! Мова тут зусім ні пры чым, яна не самастйная. Яе самую можна падмануць. Як, дарэчы, і інтэлект. Яго можна прымусіць апраўдваць што заўгодна, — хлусьню, зло ці дурасьці.

Ня буду дужа паглыбляцца ў пытаньне, як і чаму падманвае мысьленьне?. Скажу толькі, што мысьленьне і інтэлект ніколі не бываюць самастойнымі і самадастатковымі. Яны — сродак. А таму ўсе залежыць ад канстутыяванай намі мэты, сродкам дасягненьня якой тыя і робяцца.

Мысьленьне падманвае. І гэта галоўны факт. Падманвае як з прычыны сваей «анталягічнай» абмежаванасьці, так і сваёй дыскурсіўнасьці, дыскрэтнасьці і несамастойнасьці. А здольнае яно адно да разуменьня лякальных татальнасьцяў альбо фрагмэнтаў рэчаіснасьці. Але зусім ня цэласьці рэчаў і мяне самога. У мысьленьні я і сам — заўсёды фрагмэнтаваны і няпоўны. Хочучы памысьліць сябе, я, насамрэч, займаюся вівісэкцыяй. Памысьліўшы Бога, Ніцшэ прыйшоў да высновы, што Ён памёр. Памысьліўшы чалавека, Акудовіч, знайшоў адно руіны. Дэструкцыя — гэта адваротны і неад’емны бок мысьленьня.

Мне, канечне, можна запярэчыць: але ж навука так яскрава прадэманстравала сваю эфэктыўнасьць і прадукцыйнасьць! І гэта праўда. Практычная эфэктыўнасьць навуковага мысьленьня навідавоку. Але гэта посьпех мысьленьня толькі ў адным фрагмэнце рэчаіснасьці. А там, дзе пачынаецца філязофія, псыхалёгія ці сацыяльныя навукі, усё ўжо ня так адназначна. Дзе цяпер «геніяльнае» вучэньне Маркса і Энгельса, дзе тэорыі Юма, Лока ці Русо?

У эўрапейскім мысьленьні Кант быў, відаць, першы, хто ясна зразумеў: здольнасьць чалавечага розуму як такога заўсёды была і будзе абмежаванай. А што ёсьць па-за гэтай абмежаванасьцю? Ці ёсьць штосьці, што чалавек татальна выпускае з-пад увагі? Пра што інтэлект прынцыпова ня можа дый ня здатны сказаць штосьці ўцямнае? Паводле Канта, гэта — «рэч-у-сабе», непазнавальная рэчаіснасьць. Але тут важна падкрэсьліць — гэта рэчаіснасьць, пра якую няма веды. І толькі ўсяго! Больш за тое, веда і ня ёсьць тым каштоўным «прадуктам», які штосьці можа сказць пра гэтую рэальнасьць. А мы так прызвычаіліся думаць, што веда — гэта каштоўнасьць і сіла. Сіла і каштоўнасьць веды, аднак, — дужа адносныя.

Праблема сёньняшняй мысьленчай сытуацыі — у празмернай ацэнцы здольнасьцяў інтэлекту і ў амаль рэлігійнай веры ў яго. Гэта своеасаблівы інтэлектуальны шавінізм сучаснага чалавека. З гэтага шавінізму ён паставіў выключна на інтэлект. І ў канцовым выпадку прайграе.

Другая праблема — перабольшаная важнасьць сацыяльнасьці і сацыяльнай каштоўнасьці чалавека, што якраз і вядзе да празмернага спрашчэньня ўяўленьняў пра нас саміх. І, нарэшце, гэта інтэлектуальная пагарда да ўсяго, што можна скарыстаць у якасьці сродку для камфортнага жыцьця ці далейшага прагрэсу. Дык ці ня робіцца чалавек аднамерным і цяпер ужо ў іншым, інтэлектуальным, ракурсе?

Мысьленьне падманвае. І гэты падман — у фрагмэнтарнасьці вынікаў, фрагмэнтарнасьці ўяўленьняў чалавека пра самога сябе. Дый Іншага.

Мне меней за ўсё хацелася б, каб склалася ўражаньне, што я кажу пра заганнасьць інтэлекту. Я кажу толькі пра яго дамінацыю ў гіерархіі каштоўнасьцяў сучаснага сьвету. Бо гэты сьвет фактычна створаны сучасным мысьленьнем. І зачараванасьць гэтым новым сьветам — вынік сілы і ўплывовасьці інтэлекту, нават, сказаў бы, улады яго над чалавекам. І адначасова — слабасьці чалавека.

З прычыны сваёй абмежаванасьці і канцовасьці інтэлект непазьбежна выштурхоўвае чалавека з Цэласьці і Татальнасьці, гэта значыць,— з Быцьця. Ён выштурхоўвае яго ў вонкавы сьвет і сацыяльнасьць. Але гэтую сілу інтэлекту можна пераадолець гэтак жа сама, як і любую звычку. Як гэта ні парадаксальна, але мысьленьне, калі мы навучыліся думаць, — гэта таксама звычка.

Разбурэньне звычкі і звыклага, дыскурсіўнасьці і дыскрэтнасьці мысьленьня і есьць мэдытацыяй, эўрыстычны патэнцыял якой істотна пераўзыходзіць эўрыстычнасьць мысьленьня. Гэта шлях вяртаньня ў Быцьцё і Цэласьць, у дом майго сапраўднага існаваньня.

Мысьленьне разгортвае нам значэньні думак, словаў і дзеяў, а медытацыя — гэта разгортваньне сэнсаў нашага існаваньня і пашырэньне эйдатычнай прасторы чалавека. Інтэлект сьвеціць нам не сваім сьвятлом. Ён сьвеціць сьвятлом Эйдасаў і Сьвядомасьці. І менавіта па-за інтэлектуальнай сфэрай, а не ў яе межах, ляжаць усе самыя глыбокія сэнсы нашага існаваньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?