Гамяльчанін Юрый па спецыяльнасці аўтамеханік, у 2014-м адслужыў у войску, пасля службы з працай не пашанцавала, цяпер ад яго патрабуюць выплаціць 360 «дармаедскіх» рублёў. Малады чалавек заявіў падатковай, што карыстаецца мабільным і Інтэрнэтам, аплачваючы гэтыя паслугі, ён аплачваў і падатак на даданую вартасць (ПДВ), а гэта значыць, яго нельга лічыць асобай, «якая не ўдзельнічала ў фінансаванні дзяржвыдаткаў».

Юрый лічыць, што і працуючыя і не працуючыя грамадзяне з'яўляюцца спажыўцамі тавараў і паслуг, у якіх ужо закладзеныя падаткі, зборы і пошліны, а гэта ні што іншае, як «выкананне канстытуцыйнага абавязку грамадзян па ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў», якога патрабае Дэкрэт аб дармаедах.

«Лічу, што нормы Дэкрэта №3 аб прызнанні мяне плацельшчыкам збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў да мяне не дастасавальныя, так як на працягу ўсяго 2015 года я ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты ПДВ за карыстанне мабільнай сувяззю і інтэрнэтам», — паскардзіўся ў падатковую гамяльчанін.

Малады чалавек просіць інспекцыю МПЗ па Савецкім раёне Гомеля запатрабаваць ад мабільнага аператара «Вэлком» і ад правайдэра, пастаўшчыка паслугі Інтэрнэт дадзеныя аб выплачаных сумах ПДВ, пасля чаго выключыць яго з базы асоб, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў.

Прававы інспектар прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка, які аказвае юрыдычныя паслугі па «дармаедскіх» пытаннях раіць усім прыслухацца да ўзніклай ініцыятывы.

«Кожны штодня здзяйсняе куплі, аплачвае паслугі, а гэта значыць, аплачвае падаткі, пошліны і зборы. Цяжка даказаць, колькі тавараў кожны з нас купіў у 2015 годзе, бо чэкі не імянныя, ды ніхто іх і ня захоўвае. А вось выдаткі па аплаце паслуг сувязі, Інтэрнэт, выплата розных падаткаў і пошлін лёгка правяраюцца і даказваюцца», - нагадвае прафсаюзны юрыст.

«Чыноўнікі кажуць - не працуйце, але падаткі плаціце. Мы кажам - непрацуючыя аўтаўладальнікі выплачваюць «збор за дарогі», акцызны падатак і ПДВ пры куплі паліва, хтосьці зямельны падатак, судовую або натарыяльную пошліну. Усе гэтыя плацяжы з'яўляюцца «выкананнем канстытуцыйнага абавязку грамадзян па ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў», а гэта значыць, да такіх людзей нормы Дэкрэта №3 не дастасавальныя», - упэўнены юрыст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?